У Гродне адкрылася выстава Івана Цыркуновіча
Пабачыць здымкі гродзенскага фатографа Івана Цыркуновіча, што працуе ў тэхніцы панарам можна на першай персанальнай выставе “Мой планетарый”. У экспазіцыі ў фотаклубе “Гродна” — амаль тры десяткі працаў.
«Гэтыя планеты — спроба неяк візуялізаваць 360 градусныя панарамы. На выставе прадстаўленыя панарамы, якія здымаліся ў Гродне і Гродзенскай вобласці. На самой справе я зрабіў значна больш такіх панарамаў, але на выставе прадстаўленыя тыя, якія мне падаліся найбольш цікавымі. На гэтых здымках у асноўным гродзенскія славутыя месцы — такія як Фарны касцёл, Каложская царква. Займаюся я панарамамі ўжо даўно, а ідэя паказаць іх у такім выглядзе прыйшла некалькі месяцаў таму», — кажа Іван Цыркуновіч.
Па словах кіраўніка аматарскага фотаклуба “Гродна” журналіста Аляксандра Ласмінскага, выстава Івана Цыркуновіча — гэта сваеасаблівы парад планетаў. “Іван бачыць свой космас, у якім планеты выстройваюцца ў цікаввы ланцужок. У яго бачанні кожны будынак і аб’ект архітэктуры — дзіўная планета”, — гаворыць Аляксандр Ласмінскі.
Іван Цыркуновіч робіць адмысловыя панарамы па ўсёй Беларусі ўжо з 2008 года і ўдзельнічае ў шматлікіх выставах. А некалькі год таму ён стаў сертыфікаваным панарамным фатографам Google Street View.
Фотавыставай “Мой планетарый” ужо зацікавіліся ў іншых гарадах Беларусі, і пасля Гродна яна рушыць у Мінск, дзе будзе выстаўленая ў народным фотаклубе “Мінск”.