У Гродна рыхтуюць цыкл перадачаў пра навакольнае асяроддзе
Праграма выйдзе ў лютым пад назваю «Свет прыроды з твайго вакна» на гродзенскім тэлебачанні. Аўтарам і вядоўцам гэтых прыродазнаўчых матэр'ялаў з’яўляецца намеснік дырэктара гродзенскага заапарку, заолаг і журналіст Віталь Гуменны.
Падобныя перадачы пад назваю «У аб’ектыве натураліста» выходзілі амаль 5 год на гродзенскім тэлебачанні. Цяпер да здымкаў перадачы падключыўся аператар Арцём Турлай.
— Новыя выпускі праграмы пачалі стараць у снежні 2016-га — судзені 2017 году. Першы эфір праграмы “У аб’ектыве натураліста” быў у лістападзе 2008 года, усяго выйшла амаль 200 перадачаў, якія знаёмілі гледача з прыродай гродзеншчыны. Асаблівую ўвагу надзялялі прыродаахоўным тэрыторыям і тым праблемам, якія з імі звязаныя. Тапаніміка — асобная тэма. Напрыклад, геаграфічныя назвы — гэта цэлая скарбонка інфармацыі. У нас аднойчы была праграма пра вёску Стрэльчыкі. І я, тады яшчэ пачынаючы аўтар, правёў асацыяцыю назвы вёскі са стральцамі Пятра І. Аказалася, што назва вёскі не мае да Пятра І ніякіх адносін. Стрэльчыкі — гэта стральцы якія ахоўвалі пушчы. У дадзеным выпадку яны ахоўвалі невялічкую Навадворскую пушчу, — расказвае журналіст Віталь Гуменны.
— Калі вы едзіце па вёсках, то расказваеце ж не толькі пра жывёльны свет.
— Вядома. Вывучаю гісторыю мясцовасці, гляджу як людзі цяпер жывуць, размаўляю з мясцовымі жыхарамі. Заўважу, мы шмат часу «праводзім» у сваім маленькім свеце і «вылазім» з яго вельмі рэдка. А аказваецца «вылазіць» з гэтага свету вельмі лёгка. Трэба проста паглядзець у вакно і зачапіцца за нейкую дробязь. Калі ведаешь куды глядзець, можна ўбачыць шмат цікавага. І ў гэтым ёсць «фішка» беларускай прыроды.
Перадачы Віталя Гуменнага карыстаюцца попытам не толькі у гродзенскіх тэлегледачоў. Таксама перадачы можна паглядзець у HD якасці на канале YouTube.