• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Горадні хочуць ліквідаваць культавы Цэнтр гарадскога жыцця

    Пракуратура Горадні разам з Эканамічным судом Гарадзенскай вобласці маюць намер спыніць дзейнасць мясцовай культурна-асветніцкай установы «Цэнтр гарадскога жыцця». З ініцыятывай закрыць папулярны ў горадзе культурны цэнтр выступіў пракурор Уладзімір Клішын. Падрыхтоўчае паседжанне адбылося 20 красавіка ў Эканамічным судзе Гарадзенскай вобласці.

    У судзе стваральнік і дырэктар Цэнтру Павал Мажэйка паведаміў, што інфармацыю пра пачатак суда атрымаў літаральна за некалькі гадзінаў перад працэсам, і заявіў хадайніцтва аб пераносе разгляду справы на пазнейшы тэрмін, каб азнаёміцца з прэтэнзіямі пракурора і даць належны адказ.

    Хадайніцтва задаволілі і далі час да заўтра. У працэсе бяруць удзел намеснік пракурора Горадні, прадстаўнік аддзелу культуры гораду і прадстаўнік гарвыканкаму.

    «З сумам прачытаў пазоўную заяву, складзеную пракурорам гораду Уладзімірам Клішыным. Частка з прэтэнзіямі да Цэнтру амаль даслоўна перапісаная з «Вікіпедыі». Вось такая яна сёння, вяршыня прававой думкі гарадзенскіх пракурораў і ўзровень стасавання права.

    Справу ліквідацыі Цэнтру гарадскога жыцця лічу палітычнай замовай. Бяздумна нішчыцца тое, чым нармальная ўлада магла б ганарыцца.

    Прыгадаўся верш з улюбёнага Генадзя Бураўкіна: «Перажыла наша родная мова, і Бенкендорфа, і Мураўёва». Так і з беларускай культурай ёсць і будзе! Дзе клішыны, а дзе беларускае мастацтва!» – сказаў у каментары «Белсату» Павал Мажэйка.

    Цэнтр гарадскога жыцця працуе ў Горадні амаль 5 гадоў, і за гэты час стаў культавым месцам для творчых асобаў. Гэта прастора, якая гуртуе актыўных, ініцыятыўных людзей, месца, дзе папулярызуецца беларускасць і пашана да свайго.

    За час працы пляцоўкі тут адбыліся больш за 250 культурніцкіх і асветніцкіх імпрэзаў, 35 выставаў, больш за сотню прэзентацыяў, творчых сустрэчаў, майстар-класаў, некалькі вялікіх фестываляў, такіх як кінафестываль «Watch Docs» і фестываль інтэлектуальнай кнігі «Prad­mo­va», навуковыя канферэнцыі, канцэрты, прэзентацыі кніг і сустрэчы з літаратарамі.

    Цэнтр выступаў арганізатарам традыцыйных калядных вечароў для дзетак, якія выхоўваюцца ў беларускамоўных сем’ях. Прастора стала домам для штотыднёвых курсаў беларускай мовы «‎Мова нанова»‎. Тут адбываліся выставы выбітных беларускіх мастакоў і іншыя імпрэзы, якія ўзбагачаюць і прасоўваюць культурніцкае жыццё Горадні.

    У 2019 годзе Цэнтр стаў адзінай пляцоўкай у Беларусі, дзе адкрылі і паказалі выставу самага прэстыжнага конкурсу фатаграфіі «World Press Pho­to».

    У 2020 годзе Цэнтр гарадскога жыцця прапанаваў сваю пляцоўку для збору і працы валанцёраў «ByCovid», якія дапамагалі гарадзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каронавіруса. Пасля рэпрэсіяў жніўня 2020 года на пляцоўках Цэнтру выступалі звольненыя акторы гарадзенскіх тэатраў.

    19 сакавіка 2021 года ў Цэнтры гарадскога жыцця адчынілася выстава мастака Алеся Пушкіна «Пушкін у Горадні», на якой былі выстаўленыя мастацкія прапановы роспісаў гарадзенскага Старога замку і творы мастака розных гадоў.

    Пракурор гораду Уладзімір Клішын палічыў, што адна з працаў парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і патрабуе ліквідацыі Цэнтру гарадскога жыцця.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці