У Гомелі суд адхіліў пазоў журналіста на кампенсацыю маральнай шкоды за атручванне хімікатамі
Суддзя Гомельскага раённага суда Вольга Фядосава адмовіла журналісту-фрылансеру Кастусю Жукоўскаму ў спагнанні маральнай шкоды з ТАА "Добрая хрюшка", раённай ветстанцыі і міліцыі — за атручванне хімікатамі. Інцыдэнт адбыўся пры спробе журналіста высветліць прычыну падзяжу свіней у жывёлагадоўчым комлексе прадпрыемства ў вёсцы Зялёныя Лукі.
Праз суд Жукоўскі наважваўся дамагчыся кампенсацыі ў памеры 3 000 рублёў, у тым ліку з “Добрай хрюшкі” — 2 400 рублёў.
Адкак ужо на першым пасяджэнні суда намеснік дырэктара ТАА “Добрая хрюшка” Міхаіл Сталбоў адрынуў патрабаванні Жукоўскага. Заявіў, што ніхто з супрацоўнікаў свінакомплекса не абпырскваў журналістаў хімікатамі.
Як высветлілася ў судзе, гэта зрабіў, начальнік раённай ветстанцыі, галоўны ветэрынарны ўрач Гомельскага раёна Леанід Казлоў. Ён быў выкліканы ў суд у якасці трэцяй асобы і стаў асноўным адказчыкам па справе замест ТАА “Добрая хрюшка”.
У судзе Казлоў патлумачыў, што ў звязку з эпізаэтычнай сітуацыяй вакол свінакомплекса «Добрая хрюшка» была наладжаная санітарна-ахоўная зона, праводзіліся каранцінныя мерапрыемствы.
“Пасведчання Жукоўскі не паказаў. Адпаведна пастанове Саўміна №758 ад 29 жніўня 2013 года, людзі, якія выходзяць з санітарна-ахоўнай зоны, павінны быць апрацаваныя. Гэта я і зрабіў: апрацаваў вопратку грамадзяніна Жукоўскага і яго апаратуру апырсквальнікам. Патрапіла на яго раствору, можа, 50 міліграмаў. Гэта ў межах закона”, — абсалютна сур’ёзна тлумачыў начальнік ветстанцыі Казлоў.
Інцыдэнт адбыўся ў жніўні мінулага года па шляху да свінакомплекса “Добрая хрюшка”. Журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Андрэй Толчын меліся спраўдзіць інфармацыю пра падзёж свіней. Паехалі на аўтамашыне. Метраў за семсот іх перастрэў міліцэйскі УАЗік. Папярэдзілі, што ехаць на комплекс нельга. А чаму — не патлумачылі.
“Пры дарозе стаяў толькі адзін дарожны знак “Рух забаронены” і ніякіх іншых указальнікаў. Мы пакінулі машыну, узялі з сабой відэакамеру, штатыў і пайшлі далей пешшу”, — узнаўляў жнівеньскія падзеі ў судзе фрылансер Жукоўскі.
Да шлагбаўма, які быў усталяваны прыкладна за дзвесце метраў ад свінакомплекса, Жукоўскі і Толчын нават не дайшлі.
“Метраў пяцьдзесят не дайшлі”, — пагаджаўся галоўны раённы ветэрынар Казлоў.
У гэтым месцы дзяжурыў нарад міліцыі. Пакуль здымалі комплекс здалёк і высвятлялі з міліцыянтамі, што ды як, на журналістаў з апырсквальнікам напаў мужчына ў камуфляжы, абдаў іх невядомым аэразолем. Міліцыянты ніяк не адрэагавалі на сітуацыю.
Жукоўскага нападнік (гэта і быў начальнік ветстанцыі Казлоў) абпырскаў з галавы да ног, на Толчына вадкасць патрапіла толькі на штаны ды абутак.
Кастусю стала блага — пякло ў ваччу, у горле, стала цяжка дыхаць. Ён нават сеў на траву на ўзбочыне. Выклікалі «хуткую дапамогу». Жукоўскі рэшту дня і ноч правёў у шпіталі.
На свае звароты ў міліцыю і пракуратуру фрылансер Жукоўскі атрымаў адказ: была праверка, парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі не выяўлена.
У судзе з гэтай прычыны прадстаўніца УУС Гомельскага аблвыканкама Валянціна Радзівонава таксама не прызнала прэтэнзіі да міліцыі, адпаведна і падставаў не знайшла для выплаты Жукоўскаму кампенсацыі.
Праверкай інцыдэнту паблізу свінакомплекса займаўся ўчастковы Гомельскага РАУС Уладзімір Цімохаўцаў. Ён красамоўна апісаў падрабязнасці эпізаэтычнай сітуацыі на свінакомплексе “Добрая хрюшка”. Паводле ўчастковага, 8 жніўня 2017 года Казлоў знаходзіўся на свінаферме ТАА “Добрая хрюшка” з мэтай “каранцінных мерапрыемстваў па афрыканскай свіной чуме”.
Патлумачыў начальнік ветстанцыі ўчастковаму і сваю асноўную задачу — “лакалізацыя распаўсюду віруса свіной чумы з каранціннай зоны”.
Зроблена і выснова. Паколькі двое невядомых людзей, гэта значыць, журналістаў, не бралі ўдзелу ў “ліквідацыі ачагу захворвання”, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавалі, то начальнік ветстанцыі Казлоў і “абпырскаў іх абутак прэпаратам “Мікрацыд”.
Начальнік ветстанцыі Казлоў, як вырашыў участковы, не хуліганіў, а толькі праводзіў “каранцінныя мерапрыемствы”.
Праўдападобна, такой жа пазіцыі прытрымлівася і суддзя Фядосава, адхіляючы пазоў Жукоўскага на кампенсацыю маральнай шкоды.
Інтарэсы Жукоўскага ў судзе па даверанасці ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прадстаўляў юрыст Леанід Судаленка. Ён звяртае ўвагу, што ў судзе начальнік ветстанцыі Казлоў заявіў: апырскаў Жукоўскага хімічным растворам адпаведна пастанове Саўміна №758.
“Вінаватым Казлоў выставіў урад, а сябе, выглядае, дбайным выканаўцам. Але ж у згаданай пастанове Саўмін не абавязвае абпырскваць журналістаў хімікатамі, а, наадварот, патрабуе выкарыстоўваць “усе даступныя сродкі масавай інфармацыі ў пытаннях бацьбы з афрыканскай чумой свіней ды іншымі небяспечнымі захворваннямі жывёл”, — кажа юрыст Судаленка.
Рашэнне суда Гомельскага раёна Кастусь Жукоўскі мае намер абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі.