У Гомелі прэзентавалі новую кнігу журналіста Анатоля Гатоўчыца «Жыў-быў рыцар Локі»
Дакументальная аповесць прысвечана маладому беларусу Міхасю Жызнеўскаму. Хлопец не вылучаўся ў школе асаблівай паспяховасцю, не быў чальцом БРСМ і нават, як казалі педагогі, “не пацягнуў" патрыятычны клас. І вось нечаканасць для землякоў: Жызнеўскі першым з замежных грамадзян уганараваны найвышэйшай узнагародай братняй Украіны — Залатой Зоркай Героя.
Найбольш Мішка любіў каратэ, скандынаўскую міфалогію і сярэднявечнае рыцарства. У гомельскім клубе гістарычнай рэканструкцыі «Фенрыр» Жызнеўскі ўзяў сабе псеўданім Локі — бога хітрасці, кемлівасці і агню, прародзіча Фенрыра. З імем Локі Жызнеўскі не расставаўся, будучы ва Украіне.
Пакручасты лёс юнака пацвярджае высновы мысляроў, што сапраўднае геройства месціцца ўсё ж такі не ў руках, а ў сэрцы і галаве чалавека. За ідэю годнасці і свабоды Мішка-Локі і аддаў сваё жыццё 22 студзеня 2014 года на барыкадах у Кіеве.
У аповесці, заснаванай на дакументах і сведчаннях родных і сучаснікаў, распавядаецца пра беларускага рыцара ўкраінскага Еўрамайдана.
Прэзентацыя кнігі праходзіла ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай і была прымеркаваная да Дня Волі — 104‑х угодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Прысутныя гамельчукі пазнаёміліся таксама і з кнігай нарысаў «Знакамітасці Лоеўшчыны», якую падрыхтаваў гісторык-краязнаўца Мікалай Анісавец.
Абедзве вышэйзгаданыя кнігі ўбачылі свет з ініцыятывы мясцовай выдавецкай групы.