У Гомелі не пусцілі ў эфір выступ кандыдата са словамі: «Лукашэнка павінен сысці»
Гомельскае дзяржаўнае тэлебачанне двойчы не пусціла ў эфір выступы апазіцыйных кандыдатаў.
Тэлерадыёкампанія “Гомель” двойчы не пусціла ў эфір тэлеканала “Беларусь 3” перадвыбарчыя тэлевыступы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія балатуюцца на Гомельшчыне.
Увечары 28 кастрычніка гучала музыка замест відэапрамовы кандыдата ад Партыі БНФ у Мазырскай выбарчай акрузе № 42, актывіста руху “Еўрапейская Беларусь” Міхася Бандарэнкі.
Бандарэнка нарадзіўся і вырас у Мазыры. Тут вучыўся ў ліцэі будаўнікоў, набыў спецыяльнасць мантажніка металаканструкцый і трубаправодаў. Кажа, што ўдзельнічае ў парламенцкай кампаніі дзеля таго, каб на дзяржаўным узроўні вырашаць праблемы, з якімі сутыкаюцца жыхары індустрыяльнага горада.
Забарону на трансляцыю ў эфіры свайго тэлевыступу Міхась Бандарэнка звязвае з выказваннем пра існаванне ў Беларусі дыктатуры і пра неабходнасць Лукашэнку сысці.
Скаргу ў акруговую ці Цэнтральную выбарчую камісію Міхась падаваць не будзе, каб не марнаваць час. “Выкладу свой выступ у інтэрнэт і займуся правядзеннем агітацыйных пікетаў”, — заяўляе мазырскі кандыдат у дэпутаты.
22 кастрычніка тэлерадыёкампанія “Гомель” таксама не выпусціла ў эфір выступ кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых, які балатуецца ў Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33. Няпомняшчых перакананы, што яго запіс не пайшоў у эфір, бо першым пунктам яго перадвыбарчай праграмы запісаны “імпічмент Лукашэнку”.
Кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі “Гомель”, якое паводле распараджэння ЦВК запісвае звароты кандыдатаў у дэпутаты і пускае іх у эфір тэлеканала “Беларусь 3”, не пракаментавала ніводнай сітуацыі з забаронай — спасылаецца праз памочнікаў на моцную занятасць.