У Глыбокім вайскоўцы і ідэолаг забаранялі здымаць рэпетыцыю прысягі рэзервістаў
У Глыбокім у Віцебскай вобласці 8 верасня ў цэнтры горада адбывалася рэпетыцыя прыняцця прыясягі ваеннаслужачымі запасу, прызванымі на вучэбныя зборы тэрытарыяльных войск раёна. Чыноўніца і вайсковец спрабавалі забараніць здымаць гэтае мерапрыемства.
Журналіст-фрылансер Дзмітрый Лупач стаў сведкам рэпетыцыі прысягі і пачаў фатаграфаваць. Спачатку да яго падыйшла Людміла Карніловіч, якая часова выконвае абавязкі начальніка аддзела ідэалогіі Глыбоцкага райвыканкама, і сказала, каб ён не фатаграфаў, бо не мае акрэдытацыі.
Дзмітрый Лупач патлумачыў чыноўніцы, што мае права здымаць без акрэдытацыі, бо ўсё адбываецца на вуліцы ў грамадскім месцы, а не ў закрытым памяшканні. Тады Карніловіч пачала пагражаць, што, калі журналіст не паслухае, то ў яго могуць узнікнуць праблемы з ваенкаматам.
Затым падыйшоў вайсковец і, не прадставіўшыся, таксама пачаў даводзіць, што здымаць рэпетыцыю без дазволу нельга.
«Абсурд ўлады мацнее! Заўтра яны пачнуць прасіць акрэдытацыю на здымкі, напрыклад, ранішніка ў дзіцячым садку! А калі сур’ёзна, то для здымкаў у грамадскім месцы дазволу ні ў каго пытаць не трэба. На парадах у Мінску не забараняюць фатаграфаваць ні ваенную тэхніку, ні галоўнакамандуючага!» — гаворыць праваабаронца Павел Левінаў.
Фота прысягі ваеннаслужачых запасу 3 верасня 2017 года, «Веснік Глыбоччыны»