• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У экспэртызе, паводле якой прызналі экстрэмісцкім Tut.by, парталу прыпісалі цытаты з NE…TA

    13 жніўня суд у Менску прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы парталу Tut.by і яго пераемніка Zerkalo.io, а таксама іх сацыяльных сетак. Журналісты Zerkalo.io вывучылі тэкст экспэртызы, на падставе якой быў вынесены прысуд. Вось іх сьціслыя высновы.

    Больш за 720 тысяч публікацый найбуйнейшага мэдыя Беларусі былі абʼяўленыя экстрэмісцкімі адным рашэньнем, працэс праходзіў у тайне ад грамадзтва.

    Падставай для рашэньня суду стала 77-старонкавая экспэртыза, якую правялі два чалавекі — супрацоўнікі дзяржаўных устаноў.

    Аўтары экспэртызы ня ёсьць экспэртамі ў СМІ: адзін — філёляг, другі — экспэрт у вайсковай сфэры і вобласьці кіраваньня.

    У задачы аднаго з экспэртаў уваходзіў пошук схаваных сэнсаў і мэтаў у тэкстах, другі ж шукаў у гэтым пагрозы, якія нібыта ўзьніклі для бясьпекі краіны.

    У экспэртызе пад выглядам матэрыялаў Tut.by апынуліся тэксты, якіх там ніколі не было — гэта цытаты з допісаў прызнанага экстрэмісцкім яшчэ ўвосень 2020-га тэлеграм-каналу NE…TA Live.

    На думку экспэртаў, праз цытаваньне ў журналісцкіх матэрыялах лідэраў пратэсту Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы ў краіне ўзьнік экстрэмізм, масавыя беспарадкі і рэзка зьнізіўся давер да ўлады.

    Аўтары таксама лічаць, што Tut.by ствараў уражаньне, нібыта краіна ахопленая пратэстамі, і наўмысна паказваў прадстаўнікоў улады ў нэгатыўным сьвятле.

    Аўтары ўпэўненыя, што праз рэпартажы і здымкі зь месца падзеяў насамрэч пратэсты не асьвятляліся, а каардынаваліся.

    Хто напісаў экспэртызу

    Аляксандар Іваноўскі, доктар тэхнічных навук, прафэсар катэдры прававой інфарматыкі ў Акадэміі МУС, сябра Расейскай акадэміі вайсковых навук. Апошнім часам — нярэдкі госьць дзяржаўных каналаў і выданьняў. Яго прадстаўляюць як экспэрта ў галіне бясьпекі, палітоляга, прафэсара, навукоўца ў галіне кіраваньня.

    Тацяна Лапуніна, кандыдатка філялягічных навук, начальнік аддзелу маўленьнезнаўчых і эканамічных дасьледаваньняў у навукова-практычным цэнтры пры Дзяржаўным камітэце судовых экспэртыз.

    18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.

    У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар’я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

    Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.

    Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.

    У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.

    Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.

    13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці