• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “У эфіры навіны, Вашай увазе 5‑ая серыя”

    У Мінску ў залі на вуліцы В. Харужай, 3, выступілі Дэвід Гершэнгорн, карэспандэнт уплывовага ан-лайн выдання Politico Europe, былы палітычны аглядальнік The New York Times і Сайман Астроўскі, журналіст амерыканскага медыя Vice News (да ліпеня 2016), чалавек, які стварыў новы жанр навіннага рэпартажу і зрабіў яго папулярным.

    «Прэс-клуб Беларусь» пачаў новы сезон з зорак сусветнай журналістыкі. Партнёрамі мерапрыемства выступілі ГА “БАЖ”, MYMEDIA і «Медиакритика».

    Напярэдадні парламенцкіх выбараў госці распавялі, як пісаць пра палітыку, якія спакусы чакаюць журналіста на гэтым шляху і як зрабіць з навінаў не проста рэпартаж, а дакументальны серыял.

    Дэвід Гершэнгорн: “Белы Дом — гэта гламур. Вас пакатаюць на самалёце, але самае важнае адбываецца ў Кангрэсе”

    У ЗША пісаць пра працу сенатараў і ўрада не так цікава, як рабіць рэпартажы з Белага Дому. “Белы Дом гэта гламур — вас пакатаюць на самалёце, а Новы год вы правядзеце разам з прэзідэнтам на Гаваях у камандыроўцы, — кажа Дэвід Гершэнгорн. — А калі вы пішаце рэпартажы з Кангрэса, то доўгія гадзіны будзеце чакаць у калідоры, калі з’явіцца Джон Маккейн ці Берні Сарндэрс, у якіх можа быць знойдзецца (а можа быць і не) хвіліна каб адказаць на вашыя пытані.” Тым не менш, на думку амерыканскага журналіста, рэпартажы з Кангрэсу больш важныя, бо рашэнні, якія там прымаюцца, тычацца вялікай колькасці людзей — фактычна ўсіх падаткаплацельшчыкаў.

    «Пісаць пра палітыку — гэта крута. Пісаць пра ўрад — гэта абавязак,» — адначае журналіст Гершэнгорн.

    Дэвід Гершэнгорн нагадаў, што падчас выбарчай кампаніі ўсе кандыдаты імкнуцца маніпуляваць СМІ, бо медыі даюць перавагу ў змаганні за ўладу. Якія рызыкі і спакусы існуюць для журналістаў падчас працы з палітыкамі і ў часе выбарчых кампаній?

    Вось спіс Дэвіда Гершэнгорна:

    • Спакуса зрабіць прагноз. Гэты тэзіс справядлівы ў тым ліку і для Беларусі, бо вынік выбараў падаецца прадказальным. Але прадказанні і прагнозы — гэта не справа журналістаў.
    • Акцэнт на асобе палітыка, а не на яго справах. Замест таго, каб пераказваць перадвыбарчыя абяцанні і прыгожыя словы кандыдата пра будучыню, варта звярнуць увагу на тое, што ён абяцаў раней і не выканаў. “Пераносіць акцэнты са “светлай будучыні” на рэальныя праблемы, якія стаяць сёння перад палітыкамі — таксама задача журналістаў,” — кажа Дэвід Гершэнгорн.

    У размове пра перадвыбарчыя абяцанні Дэвід Гершэнгорн адзначыў, што варта мець на ўвазе кампетэнцыі пасады, на якую прэтэндуе кандыдат. Часта кандыдаты абяцаюць тое, што не ўваходзіць у іх паўнамоцтвы нават у выпадку перамогі на выбарах. Дэвід прыгадаў як цяперашні кандыдат на пасаду прэзідэнта ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў, што забароніць уезд мусульман у ЗША.

    «Рэакцыя большасці журналістаў на выказванні Трампа  была “О, Божа! як ён мог такое сказаць?”. А на самой справе трэба было звярнуць увагу на тое, што прэзідэнт не мае ўлады забараніць уезд мусульман у ЗША. Гэта значыць, што Трамп казаў, не ўсведамляючы паўнамоцтваў пасады, на якую прэтэндуе.

    Даследаванне рэакцыі журналістаў на бягучую выбарчую кампанію ў ЗША выявіла глыбокія праблемы ў працы СМІ,” — адзначыў выступоўца.

    • Факты, а не пустыя нападкі У час інтэрнэту палітыкі навучыліся выкарыстоўваць СМІ для прапаганды. Прапаганда — гэта распаўсюд тэзісаў, не падмацаваных фактамі. З іншага боку, чытачы і гледачы любяць інфармацыю, якая падмацоўвае іх  погляды. Журналістам трэба выходзіць з гэтай сістэмы. Дзеля гэтага, паводле Гершэнгорна, трэба шукаць рэчы, якія сапраўды з’яўляюцца праблемамі і казаць пра іх. “Школы, эканоміка, дарогі, — калі пісаць пра праблемы, палітыкі не змогуць абвінаваціць журналістаў у нападках, бо разбітая дарога — гэта факт. Ніякіх варыянтаў “адбіцца” у такой сітуацыі ў палітыка не будзе,” — кажа Дэвід Гершэнгорн.

    Падчас выступу Дэвід Гершэнгорн таксама нагадаў беларускім калегам, што самая важная журналісцкая праца ўсё ж пачнецца пасля выбараў, нават калі вынік будзе такім, якога ўсе чакаюць.

     

    Сайман Астроўскі: “Навіны, як серыял? Так, за гэтым будучыня”

    “Калі б у сюжэтах расійскіх СМІ не было голаса за кадрам, гэта значна ўскладніла б задачы прапагандыстаў,” — кажа Сайман Астроўскі. У рэпартажах Саймана няма закадравага тэксту. Тым не менш, 111 выпускаў яго праграмы “Руская рулетка” створаных для амерыканскага медыя VISE News пра падзеі ў Крыму і Данбасе паглядзелі 35 млн карыстальнікаў сеткі Youtube.

    Свае сюжэты Сайман называе “dis­patch” — назва для “рэпартажу”, якая выкарыстоўваецца ў англійскай мове. Што такое dis­patch і чым ён адрозніваецца ад традыцыйных медыя-формаў?

    “Гэта нешта сярэдняе паміж сюжэтам для выпуску навінаў і дакументальным фільмам, — гаворыць Астроўскі. — Я зразумеў, што сюжэт, як гісторыя, павінен мець пачатак, сярэдзіну і канец.” Такі падыход адрозніваецца ад звыклай працы тэлевізішчыкаў, якія “здымаюць 2–3 інтэрв’ю, пару “перабівак” і вяртаюцца на базу, каб перадаць відэа”. Сайман Астроўскі раіць журналістам затрымацца на месцы падзеяў даўжэй.

    Госць Прэс-клуба распавёў пра тое, як ён з калегамі стаў сведкам апошніх гадзінаў украінскай улады ў Крыму. Яго здымачная група знаходзілася каля ваеннай базы ў Феадосіі. “Ужо на верталётах спусціліся расійскія ваенныя. Усе журналісты гэта знялі і з’ехалі. Мы засталіся, — распавёў Сайман. — І дачакаліся таго моманту, калі ўкраінскія вайскоўцы вымушаныя былі пакінуць базу. Мы бачылі як яны абдымаліся са сваімі блізкімі. Нехта з іх перайшоў на расійскі бок, і ім даводзілася тлумачыць сваім учорашнім братам чаму так. Нават сем’і разрываліся. Гэта ўсе адбывалася на працягу дзвюх гадзін. Мы даехалі з салдатамі да блок-паста — фактычна новай мяжы… Мы атрымалі неверагодна цікавую гісторыю,” — адзначыў Сайман Астроўскі.

    Па такому прынцыпу — гісторыя з пачаткам і завяршэннем, ствараліся і іншыя dispatch’ы.

    «Калі наш глядач адчуў “серыяльнасць” таго, што мы робім, у нас стварылася свая аўдыторыя. У кожнага новага выпуска былі, як новыя гледачы, так і тыя, хто бачыў папярэдні сюжэт. 

    Аўдыторыя — гэта вельмі важна. Дзякуючы ёй, нашая здымачная група можа застацца здымаць ва Украіне, нават калі ўвага сусветных медыя перамяшчаецца ў Сірыю», — тлумачыць перавагі dis­patch Сайман Астроўскі.

    Ёсць і мінусы — dis­patch выходзіць пазней, чым звычайны рэпартаж. Каб стварыць такі кароткі фільм трэба як мінімум тры дні. “Але мы заўважылі, што нашаму гледачу ўсё роўна. Ім было не важна, калі гэта здарылася, а важна, што гэта 5‑ая серыя, якая ідзе пасля 4‑ай,” — кажа Астроўскі. Таксама і тэхнічны бок dis­patch, у параўнанні з дакументальным кіно, слабейшы. “Усё было не так гладка змантавана, па-сырому. Людзі гэта адчувалі але, магчыма з‑за гэтага, даверу да нашай працы было больш,” — кажа Сайман Астроўскі.

    Калі падаваць навіны як серыял, ці не стануць яны проста забавай? “Наадварот, — упэўнены Сайман. — Сваёй задачай я бачу данесці падзею як мага бліжэй. Навіны “выйграюць” у забаваў  бо рэальнае жыццё цікавейшае за любое прыдуманае шоу. І калі даць гледачу выбар што паглядзець, ён выбірае рэальнае жыццё.”

    На думку Астроўскага, падаваць навіны, як серыял, гэта яшчэ і шанец зрабіць іх цікавымі для моладзевай аўдыторыі, якая не глядзіць выпускі навінаў на ТБ.

    Сустрэча з Дэвідам Гершэнгорнам і Сайманам Астроўскім адкрыла другі сезон у Прэс-клубе Беларусь. Гэтай восенню Прэс-клуб правядзе некалькі сустрэчаў у фармаце “Медыя-talk” для прафесіяналаў у журналістыцы, на якіх  будуць абмяркоўвацца самыя розныя прафесійныя тэмы. Пройдуць Медыя сняданкі — новы фармат мерапрыемстваў для беларускіх СМІ, які Прэс-клуб правядзе сумесна з праектам ЕС “Культура і Крэатыўнасць”. Пачне працу новы сайт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці