У эфіры БТ назвалі медыцынскія дыягназы назіральнікаў. Гэта ўвогуле законна?
16 лістапада ў «Панарамы» на БТ выйшаў сюжэт, прысвечаны «цкаванню арганізатараў выбараў». Рыторыка адпаведная: «псеўданазіральнікі» і «псеўдажурналісты» накідваюцца на сумленных членаў камісій. Аўтар сюжэта — Андрэй Крывашэеў, палітычны аглядальнік Агенцтва тэлевізійных навінаў Белтэлерадыёкампаніі.
Але быў адзін момант, які асаблівае звяртае на сябе ўвагу: у эфіры з’явіўся спіс кандыдатаў у члены камісій, якіх не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах. Частку з іх ў эфіры БТ назвалі «жулікамі», а частку — хворымі.
Крывашэеў агучыў прозвішчы людзей і распавёў, што той праходзіў курс псіхіятрычнага лячэння, гэты — псіхічна хворы.
«Нехта Вазняк, яшчэ адзін буйны пасля псіхіятрычнага лячэння», — выказаўся Крывашээеў.
Гаворка ішла пра Аляксея Вазняка. Падрабязнасці гісторыі апісаў яго бацька, адзін з лідараў «Гавары праўду» Сяргей Вазняк: хлопец атрымаў цяжкія траўмы ў выніку ДТЗ. Лячыўся цягам некалькіх гадоў, але рэабілітацыя прайшла паспяхова. Сёння Аляксей Вазняк — дзеяздольны, абсалютна нармальны чалавек.
Пасля выхаду сюжэта на БТ Вазняк-старэйшы сам пазваніў Крывашэеву. Яны сустрэліся, і палітык распавёў журналісту гісторыю свайго сына.
«Я бачыў, што гісторыя зрабіла на яго ўражанне. Я растлумачыў, што сын мой ніякі не «буйны». У выніку траўмы ў яго была зусім іншая праблема — поўная страта памяці. Настолькі поўная, што некалькі месяцаў ён не пазнаваў нас з Вольгай — сваіх бацькоў.
З размовы ў мяне склалася ўражанне, што Андрэй шчыра шкадуе, што дапусціў у дачыненні да майго сына гэтак абразлівы эпітэт. Перадгісторыю ён не ведаў. Калі б ведаў, не дазволіў бы сабе такой фразы.
Ён прынёс мне прабачэнні, якія я прыняў», — паведаміў Сяргей Вазняк.
Крывашэеў апублікаваў у сваім фэйсбуку пост з выбачэннямі перад Вазнякамі. З удакладненнем: «выбачаюся за залішнюю эмацыйнасць у тэксце сюжэту. Графічная і факталагічная інфармацыя адпавядае рэчаіснасці».
То бок, за тое, што сказаў «яшчэ адзін буйны», сорамна, а за тое, што апублічыў медыцынскую інфармацыю — не?
Ёсць і яшчэ пытанні.
Па-першае, перад іншымі названымі ў відэа асобамі Крывашэеў выбачацца не стаў.
Па-другое, а адкуль у яго ўвогуле медыцынскія дадзеныя? Гэта ж парушэнне таямніцы прыватнага жыцця, то бок, парушэнне правоў, гарантаваных Канстытуцыяй.
«Я лічу, што гэта адназначна можна разгледжваць як разгалошванне інфармацыі аб прыватным жыцці: да яе адносіцца і інфармацыя аб стане здароўя чалавека, — паведаміў «Нашай Ніве» адвакат Сяргей Зікрацкі — Але важнае пытанне, дзе журналісты ўзялі інфармацыю. Калі гэтая інфармацыя была ў адкрытым доступе, то журналіст не парушыў закон, хоць, безумоўна, і парушыў этычныя нормы. Калі ж ён, напрыклад, атрымаў інфармацыю пра стан здароўя чалавека ад яго доктара ў прыватным парадку, адказнасць мусяць несці і ўрач, і журналіст».
За агучванне таямніцы прыватнага жыцця існуе як адміністратыўнае пакаранне, так і крымінальнае (праўда, дамагчыся апошняга даволі цяжка, трэба даказаць, што былі парушаныя правы пацярпелага ці нанесеная шкода яго інтарэсам).
Сяргей Вазняк сказаў «Нашай Ніве», што ў суд не пойдзе, яму дастаткова прабачэнняў. Кажа, пабачыў, што Крывашэеў зразумеў сваю памылку.
Затое іншы назіральнік са «спіса Крывашэева» паведаміў, што гэтую справу так проста не пакіне.
«Пакуль што я не глядзеў гэты відэаролік. Але, хутчэй за ўсё, я буду звяртацца ў суд. Гэта разгалошванне медыцынскай таямніцы», — паведаміў Алесь Абрамовіч. Яго Крывашэеў назваў у сваім сюжэце «псіхічна нездаровым з 1985 года».
Але ж як ацэняць этычнасць відэа калегі Крывашэева? Тым больш, што ён сакратар дзяржаўнага Саюза журналістаў.
«Я сам гэты відэаролік не бачыў. Але ў нас ёсць Камітэт па прафесійнай этыцы. Калі ёсць нейкія пытанні, то накіроўвайце іх афіцыйна. Камітэт будзе іх разглядаць і скажа, меў рацыю Андрэй Яўгенавіч [Крывашэеў] ці не», — паведаміў «Нашай Ніве» намеснік старшыні Саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў.
«НН» звярнулася па каментар і да самога Андрэя Крывашэева. Але ж ён сказаў, што спачатку трэба спытаць дазвол на размову ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі. Там дазвол не далі.
«Журналіст выклаў свой пункт гледжання ў прыватным акаунце, таму мы не лічым патрэбным што-небудзь дадаткова каментаваць», — паведаміла Святлана Смалонская-Краскоўская, кіраўнік прэс-службы БТ.