У дзяржаўную газету «Брестский вестник» прызначылі новага галоўнага рэдактара з Магілёўшчыны
Рэдакцыяй газеты, заснавальнікам якой з’яўляецца Брэсцкі гарвыканкам, кіраваць будзе Уладзіслаў Грыбанаў — дагэтуль ён працаваў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Бабруйскае жыццё».
Уладзіслаў Грыбанаў нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці і мае дзве вышэйшыя адукацыі: скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце РБ.
Што тычыцца працоўнай біяграфіі, то яна вельмі разнастайная: Уладзіслаў Грыбанаў быў рэдактарам аддзела інфармацыі ў телерадыёкампаніі «Магілёў», уласным карэспандэнтам «Сталічнага тэлебачання», прэс-сакратаром Магілёўскага аблвыканкама, намеснікам старшыні Быхаўскага райвыканкама і рэдактарам быхаўскай раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя». Два апошнія гады працаваў у Бабруйску.
Ранейшы рэдактар «Брестского вестника» Віктар Васілеўскі займаў гэтую пасаду са жніўня 2013 года і звольніўся некалькі месяцаў таму.