• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У дзвюх кнігах Зянона Пазняка выявілі “прыкметы праявы экстрэмізму”

    26 лістапада актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алеся Чахольскага выклікалі ў аддзяленне міліцыі Фрунзенскага раёна г. Мінска, дзе далі азнаёміцца з пратаколам па арт.17.11 КаАП (выраб, распаўсюд і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага сп-ра Чахольскага адразу ж даставілі ў суд Фрунзенскага раёна. У выніку пратакол адправілі на дапрацоўку, а працэс адклалі, — паведаміла Радыё Свабода.

    Справа тычыцца інцыдэнту 27 верасня г.г., калі пры перасячэнні польска-беларускай мяжы беларускія мытнікі забралі ў сп-ра Чахольскага на экспертызу кнігі “Абарона Курапатаў. Народны мемарыял” (2 асобнікі, аўтары — Зянон Пазняк і Валерый Буйвал) і кнігі Зянона Пазняка “Добрая фатаграфія” (2 асобнікі), “Сэсія незалежнасьці” (2 асобнікі).

    26 кастрычніка экспертная камісія Брэсцкай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі прыйшла да высновы, што дзве кнігі з трох — “Добрая фатаграфія” і “Абарона Курапатаў. Народны мемарыял” — “утрымліваюць прыкметы праявы экстрэмізму”. Адпаведнае паведамленне актывіст атрымаў па пошце ад Брэсцкай мытні. Намеснік начальніка мытні па праваахоўнай працы І. Рудакоў пісаў, што мытня збіраецца звярнуцца ў суд Маскоўскага раёна Брэста з пазовам аб прызнанні выданняў экстрэмісцкімі матэрыяламі.

    Ліст з Брэсцкай мытні аказаўся ў распараджэнні TUT.by

    Між тым, ніякіх паведамленняў пра вынікі суда Алесь Чахольскі не атрымліваў і цяпер спрабуе высветліць, ці прызнаныя забраныя ў яго кнігі “экстрэмісцкай літаратурай” афіцыйна.  

    Кнігі аўтарства Зянона Пазняка ўжо затрымлівалі на беларускай мяжы ў кастрычніку 2014 года. 20 выданняў забралі тады ў Паўла Севярынца на экспертызу: «Цяжкі час—працяг», «Незалежнасьць Беларусі. 20 гадоў», «Дэклярацыя — першы крок да незалежнасьці», «Менскі гарсавет ў пэрыяд нацыянальнай рэвалюцыі (1990–1991)», «Тэрра Дэй», «Развагі», «Парсіваль» і іншыя. У лютым 2015 года уладальніку кніг паведамілі, што камісія не знайшла ў іх экстрэмізму.

    Нагадаем, што адміністрацыйная справа за “выраб, распаўсюд і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў” у Беларусі ўжо была. У жніўні 2014 года яе завялі на актывіста анархісцкага руху Рамана Халілава, які адбыў па рашэнні суда 10 сутак арышту. Адметна, што ніякай экспертызы забраных у яго матэрыялаў не праводзілася. Суддзя Савецкага раёнага суда Арцём Бяскішскі сам пастанавіў, што ўсе 92 матэрыялы, якія захоўваліся ў актывіста, з’яўляюцца экстрэмісцкімі.

    Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяў экстрэмізму была створана пастановай Савета Міністраў №810 ад 21 жніўня 2014 года. Таксама была створана сістэма экспертных камісій у кожнай з абласцей Беларусі.

    Колькасць разгледжаных “на экстрэмізм” матэрыялаў апошні раз афіцыйна агучвалася ў лютым 2015 года. Тады Лілія Ананіч на калегіі Міністэрства інфармацыі сказала, што рэспубліканская камісія разгледзела ўжо больш за 100 матэрыялаў і знайшла ў 25‑і з іх “прыкметы, якія падпадаюць пад пазіцыі “экстрэмізм, прапаганда ідэй нацызму, расавай, рэлігійнай нецярпімасці” ці “літаратура, якая магла б выкарыстоўвацца ў тэрарыстычных мэтах”.

    Тады ГА “БАЖ” накіравала ў Мінінфармацыі ліст з просьбай канкрэтызаваць, пра якую літаратуру ідзе гаворка. “Кнігі А. Гітлера, Д. Рокуэла, А.аль-Бадра, дапаможнікі па ваеннай справе і іншыя”, – адказаў на гэта намеснік міністра Уладзімір Матусевіч, паабяцаўшы ў будучым больш падрабязна інфармаваць пра вынікі дзейнасці камісіі праз СМІ.

    Выпадкі вынятку друкаванай літаратуры на мяжы. 2012–2015 г.г. (Табліца, абнаўляецца)

    Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці