У DW Akademie глыбока занепакоеныя тым, што медыятрэнеру Андрэю Аляксандраву пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі
У DW Akademie глыбока занепакоеныя тым, што трэнеру Андрэю Аляксандраву, які даўно супрацоўнічае з Акадэміяй, у Беларусі прад'яўлена абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе і цяпер яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Карстэн фон Нахмэн (Carsten von Nahmen), кіруючы дырэктар DW Akademie, асудзіў абвінавачанне як «абсалютна неабгрунтаванае» і заклікаў урад Беларусі неадкладна вызваліць Аляксандрава, а таксама іншых спецыялістаў у сферы СМІ, якія знаходзяцца пад вартай, паведамляе DW.
Андрэй Аляксандраў быў затрыманы ў студзені 2021 года разам з Ірынай Злобінай. Аляксандраў першапачаткова быў абвінавачаны ў арганізацыі акцый, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яго мусілі вызваліць з‑пад варты ў ліпені.
«На беларускіх журналістаў аказваецца беспрэцэдэнтны ціск, і рэпрэсіі ўзмацніліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у мінулым годзе», — кажа Карстэн фон Нахмэн. Калегам перашкодзілі рабіць сваю працу. Вэб-сайты былі заблакаваны, а адмовы ў друку і адкліканне акрэдытацый сталі звычайнай справай для медыя-арганізацый у Беларусі. Незалежных журналістаў затрымліваюць падчас рэпартажаў з мітынгаў і яны больш не абароненыя, нават калі яны заяўляюць пра сябе як пра прадстаўнікоў прэсы.
«Вельмі важна, каб урад Беларусі спыніў пераслед журналістаў, а таксама сродкаў масавай інфармацыі і арганізацый», — кажа фон Нахм.н.
«Народ Беларусі мае патрэбу ў незалежнай інфармацыі для прыняцця свабодных, адукаваных рашэнняў. Журналістыка — гэта не злачынства, а жыццёва важная сфера для дэмакратычнага грамадства».