У Бялынічах надпіс на музеі, які рэканструююць да Дня беларускага пісьменства, плануюць зрабіць па-руску
Бялынічы поўным ходам рыхтуюцца да галоўнай сёлетняй падзеі ў раёне — XXVII Дня беларускага пісьменства. Разгарнулася поўнамаштабная рэканструкцыя шэрагу аб’ектаў, у тым ліку раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі.
Будынак музея зараз амаль цалкам зруйнаваны, на яго месцы будуецца фактычна новы, больш сучасны і тэхналагічны.
Раённая газета “Зара над Друццю” апублікавала фотаздымак праекту музея, з якога высветлілася, што надпіс на адноўленым да свята беларускага пісьменства будынку мастацкага музея плануецца зрабіць на рускай мове.
На гэтую акалічнасць звярнуў увагу сябра ГА “БАЖ”, бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч.
— Калі я заўважыў, што музей у Бялынічах плануецца зрабіць з рускамоўным надпісам, то патэлефанаваў галоўнаму рэдактару “Зары над Друццю” Міхасю Карпечанку, — распавядае спадар Вырвіч. — Высветлілася, што ён наконт гэтага нічога не ведае. Сказаў толькі, што фота ў газету было прадастаўленае Бялыніцкім райвыканкамам. Таму я накіраваў электронны зварот на імя старшыні райвыканкама Васіля Захаранкі. Хачу, каб ён патлумачыў грамадскасці такое своеасаблівае рашэнне бялыніцкіх чыноўнікаў.
У звароце Вырвіч просіць кіраўніка раёна адказаць на некалькі пытанняў, а таксама ўнесці змены ў праект, каб зрабіць надпіс на будынку музея на беларускай мове.
“Складваецца ўражанне, што ў Бялыніцкім райвыканкаме працуюць манкурты, якія не паважаюць ні свой народ, ні яго духоўныя каштоўнасці”, — з жалем зазначае ў лісце раённай адміністрацыі Барыс Вырвіч.
Паводле слоў журналіста, ён спадзяецца, што мясцовыя ўлады зразумеюць усю недарэчнасць свайго ўчынку і ў праект будуць унесеныя адпаведныя змены.