У Брэсцкай вобласці за пост у сацыяльнай сетцы заведзена крымінальная справа
Як паведамілі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці, справа распачатая паводле артыкула за паклёп у дачыненні да карыстальніка сацыяльнай сеткі, які пакінуў допіс у адным з паблікаў.
Паводле матэрыялаў справы, 28 ліпеня невядомы (яго асоба пакуль высвятляецца) пакінуў у сацыяльнай сетцы паведамленне, якое ўтрымлівае ілжывую інфармацыю, не адпавядае рэчаіснасці, ганьбіць гонар і годнасць маладой жыхаркі Лунінецкага раёна. Разам з допісам было выкладзена фота пацярпелай з указаннем яе імя.
31 ліпеня жанчына звярнулася ў органы ўнутраных спраў з заявай аб прыцягненні аўтара спрэчнага допісу да крымінальнай адказнасці. Падчас даследчай праверкі было ўстаноўлена, што распаўсюджаная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Пасля гэтага матэрыялы былі перададзеныя з міліцыі ў Следчы камітэт.
У межах расследавання следчыя высвятляюць, ці маюць дачыненне да здзяйснення гэтага злачынства знаёмыя пацярпелай, чальцы яе сям’і, якія маглі б распаўсюдзіць ілжывыя звесткі з‑за непрыязных адносін з ёй.
У абласным упраўленні Следчага камітэта паведамілі, што для выкрывання асобы, якая распаўсюдзіла паклёп, будзе накіравана міжнароднае даручэнне аб аказанні прававой дапамогі ў кампетэнтныя праваахоўныя органы Расійскай Федэрацыі і запыты ў адпаведныя арганізацыі, бо сацыяльная сетка зарэістраваная ў расійскім сегменце інтэрнэт.