У Брэсце за выкарыстанне дрона без дазволу фатографа пакаралі штрафам
Фатограф з Брэста Васіль Пашалюк, больш вядомы ў карыстальнікаў інтэрнэтам пад мянушкай «Васька Пілот», днямі быў аштрафаваны паводле Адміністрацыйнага кодэкса на 10 базавых велічыняў, што складае 370 рублёў.
Фатографа, які займаецца фота- і відэаздымкамі з дапамогай квадракоптара, пакаралі за тое, што выкарыстоўваў свой дрон без папярэдняга ўзгаднення. Як высветлілася, з ініцыятывай завесці ў дачыненні да яго адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 18.35 КаАП (Парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы) выступіла пракуратура Брэсцкай вобласці.
Падставай стала тое, што Васіль Пашалюк змясціў на сваім YouTube-канале некалькі ролікаў з Брэста, зробленых ім паводле замовы для адной з дзяржаўных арганізацый. Але ў пракуратуры даведаліся, што здымкі з дрона нібыта вяліся без папярэдняга атрымання дазволу.
«Васька Пілот» — вядомая асоба ў інтэрнэт-прасторы не толькі сярод карыстальнікаў з Брэстчыны, але і далёка за яе межамі. Здымкі з дапамогай квадракоптара ён робіць з 2018 года, калі сябра прывёз яму аматарскі дрон з ЗША. Далей з’явілася прафесійная тэхніка, і з тых часоў гэтымі здымкамі актыўна карыстаюцца нават дзяржаўныя СМІ.
Сам Васіль Пашалюк неаднаразова атрымліваў падзяку ад кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады. Публікацыі пра яго захапленне і прафесіяналізм выходзілі і ў незалежных медыя, і ў выданнях кшталту «СБ. Беларусь сегодня».
Калі прыхільнікі творчасці «Ваські Пілота» даведаліся, што яго аштрафавалі, з’явіліся прапановы дапамагчы з аплатай выдаткаў. Аднак Васіль Пашалюк зрабіў гэта самастойна, адзначыўшы, што крыўдны не сам штраф, а што пакаранне адбылося за бясплатныя здымкі для дзяржаўнай арганізацыі.
Чытайце яшчэ:
Анджэй Пачобут застаецца без неабходных яму лекаў і знаходзіцца ў ізаляцыі
«Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» На складанае пытанне адказвае Глафіра Жук
«Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой