У Брэсце фігуранты «карагоднай справы» пратэставалі ў зале суда і дабіліся, каб пусцілі журналістаў незалежных СМІ
У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 15 красавіка пачаўся трэці працэс па так званай «карагоднай справе».
Раней у яго рамках асудзілі 18 чалавек — фігуранты атрымалі ад 1 году «хатняй хіміі» да 1 году і 8 месяцаў калёніі. Гэтым раз судзяць яшчэ 14 чалавек. Адзін знаходзіцца ў СІЗА № 7 Берасьця, астатнія — пад падпіскай аб нявыезьдзе. Працэс вядзе Іна Клышпач, Паведамляе «Радыё Свабода».
У судовую залю не пусьцілі журналістаў агенцтва БелаПАН і «Брэсцкай газеты» і яшчэ больш за 30 ахвотных. Тады абвінавачаныя запатрабавалі дапусьціць прадстаўнікоў незалежных мэдыяў і большую частку людзей, заявілі адвод суду і адмовіліся сесьці да выкананьня гэтых патрабаванняў.
У выніку частка тых, хто прыйшоў на суд, а таксама карэспандэнты БелаПАН Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава змаглі прайсьці ў залю, але ў адводзе суду было адмоўлена. Прадстаўнікі «Брэсцкай газеты» сыйшлі, не дачакаўшыся рашэньня.
Акцыя, у сувязі зь якой судзяць берасьцейцаў, прайшла 13 верасьня 2020 году ў абласным цэнтры. У той дзень пратэстоўцы вадзілі карагоды на скрыжаваньні праспэкта Машэрава і бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі.
Удзельнікі абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Усяго па справе праходзіць больш за 70 чалавек.