У «Белсаюздруках» прадаюцца вокладкі на пашпарт з надпісам RUSSIA. Як апраўдваецца кіраўніцтва?
Карыстальнік фэйсбука Генадзь Вінярскі сфатаграфаваў паліцу ў шапіку «Белсаюзадрука».
Цэнтральную пазіцыю займае вокладка ў колерах расійскага сцяга і адпаведным надпісам. Яна перакрывае вокладкі з афіцыйнымі беларускімі сімваламі.
Ці гэта мэтанакіраваная палітыка — прапаноўваць беларусам абкладаць свой пашпарт у расійскія колеры?
«Наша Ніва» задала адпаведнае пытанне ідэолагу «Белсаюздрука» Святлане Ніканавай.
«У Беларусі не робяць вокладкі… Але іх жа купляюць і госці сталіцы, таму гэта не прапаганда. Гэта не палітыка… Давайце вам лепш раскажа гандлёвы аддзел», — сказала яна.
У гандлёвым аддзеле сцвярджаюць, што турысты з Расіі ахвотна купляць у Беларусі гэтыя вокладкі:
«У нас шырокі асартымент вокладак для пашпарта. Проста як узор асартыменту. Чаму няма Бразіліі і Германіі? Ну на паліцы няма магчымасці прадставіць увесь асартымент, усе колеры. Якія яшчэ краіны ёсць? Розныя ёсць. Арыентавана на турыстаў. Нічога ідэалагічнага тут няма».