На тэрыторыі Беларусі заблакавалі доступ да сайта Katolik.life
У інтэрнэт-карыстальнікаў з Беларусі сайт Katolik.life ці проста не адчыняецца, ці з’яўляецца паведамленне пра тое, што «доступ абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь».
Праз VPN-сэрвісы сайт па-ранейшаму дасяжны.
«Прычыны афіцыйна ніхто не паведаміў, але яны для нас відавочныя — мы распавядаем не толькі пра пазітыў, але і пра закрыты Чырвоны касцёл, пра арышты святароў, пра тое, як вернікі перажываюць вайну. Бо гэта таксама, на жаль, стала для многіх часткай «каталіцкага жыцця. Яшчэ раней доступ да рэсурсу быў заблакаваны ў Расіі», — каментуе блакіроўку рэдакцыя выдання.
Katolik.life — гэта прыватная дабрачынная ініцыятыва. Аўтар кантэнту не мае адмысловага фінансавання і выдаткі на ўтрыманне сайта аплочвае з асабістых сродкаў. Але рэсурс карыстаецца папулярнасцю. Да блакіроўкі яго наведвалі звыш 1000 чалавек за суткі. Многія публікацыі перадрукоўваюць іншыя СМІ, у тым ліку дзяржаўныя.