• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Беларусі расследуюцца крымінальныя справы за публікацыі на 1863x.com

    Следчы камітэт пацвердзіў БелаПАН факт расследавання крымінальнай справы па факце размяшчэння публікацый на сайце 1863x.com.

    Як паведаміла карэспандэнтцы інфармагенцтва БелаПАН Таццяне Каравянковай афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова, расследаванне вядзецца па дзвюх крымінальных справах: ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варажнечы) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў).

    БелаПАН нагадвае, што сайт 1863х.com быў створаны прыкладна паўтара гады таму ананімам з нікам Джон Сільвер (Jhon Sil­ver). “На ім публікуюцца палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік сайта вядзе яго на ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з ім з’яўляецца Інтэрнэт, з дапамогай якога ён меў зносіны з аўтарамі і даваў інтэрв’ю”, – піша агенцтва.

    Першым пра крымінальныя справы паведаміў на сваім сайце сам Джон Сільвер. Па яго словах, гэта здарылася ў маі 2015 года і суправаджалася затрыманнем спецслужбамі і змяшчэннем яго ў “псіхушку”. Восенню 2015 года ён пакінуў Беларусь, а ў пачатку 2016 года ў СМІ з’явілася інфармацыя пра яго затрыманне на тэрыторыі Расіі і магчымую будучую экстрадыцыю ў Беларусь. Па інфармацыі БелаПАН, МУС Беларусі абвясціла яго ў вышук за парушэнне падпіскі пра нявыезд.

    Нагадаем, што Следчы камітэт вядзе таксама праверку па скарзе віцебскага суддзі на публікацыю сайта freeregion.info. Нагодай для звароту суддзі ў Следчы камітэт стала публікацыя «Судьи превосходят в беззаконии его творцов», што з’явілася на рэсурсе 12 студзеня г.г. Паводле freere­gion, суддзя Андрушэнка хоча, каб аўтара прыцягнулі да адказнасці па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 368 (публічная знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 369 (публічная знявага прадстаўніка ўлады) і 391 (знявага суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя). Пад публікацыяй стаіць імя Пятра Іванова – “старшыні Генеральнага савета па стварэнні міжнароднага грамадскага аб’яднання «За сумленную ўладу»”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці