У Беларусі пачалі блакаваць Tor. Што рабіць
Ад канца мінулага тыдня беларусы пачалі заўважаць праблемы ў доступе да інтэрнэту праз Tor — праграму, што дазваляе заставацца ананімным і атрымліваць доступ да заблякаваных сайтаў і цэлага таемнага вэбу. Падобна, што праблема закранула кліентаў шматлікіх беларускіх правайдэраў, але не назіраецца ў суседніх краінах, перадае радыё «Свабода».
Што рабіць?
Сьледаваць інструкцыям самаго Tor.
Заблякаваць увесь Tor немагчыма. Доступ закрыты да стандартных шляхоў злучэньня, але альтэрнатыўныя шляхі («Масты» — Bridges) можна абраць у наладах Tor як для настольных кампутараў (у час запуску кнопка «Налады» — Settings), так і для мабільных прыладаў (напрыклад, у Orbot для Android у бакавым мэню знайсьці пераключальнік «Масты» — Bridges).
Пры гэтым праблемы назіраюцца і зь першымі прапанаванымі альтэрнатыўнымі шляхамі. Але не з усімі. Праграмы самі падказваюць, дзе здабыць адрасы альтэрнатыўных шляхоў да Tor, сярод такіх адмысловы разьдзел на сайце праекту Tor, які на момант публікацыі дасяжны праз звычайны інтэрнэт. У выпадку ягонай недасяжнасьці можна напісаць просьбу даць сьпіс на адрас bridges@torproject.org (прымаюцца лісты з Riseup, Gmail і Yahoo).
Карыстальнікі Facebook ужо самастойна распаўсюджваюць інструкцыі:
Чаму блякуюць?
Таго даўно патрабуе закон.
У прыватнасьці, пастанова Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце і Міністэрства сувязі Беларусі: у ёй напісана, што трэба блякаваць сродкі доступу да забароненых сайтаў пры выяўленьні гэтых сродкаў. Пастанова датаваная 19 лютага 2015 году, Tor «выявілі» толькі ў сьнежні 2016-га.
Пры гэтым шматлікія іншыя сродкі доступу да заблякаваных сайтаў і сродкі забесьпячэньня ананімнасьці ў інтэрнэце ў Беларусі працуюць без перашкодаў.
Ці заблякуюць зусім?
Пакуль ні ў каго не атрымлівалася.
Шэраг краінаў змагаліся з Tor і іншымі сродкамі ананімнасьці ў інтэрнэце. Найбольш вядомае змаганьне Кітая з Tor, ды за апошнія 10 год перамагчы Tor не атрымалася: калі закрываліся адны «Масты», заўсёды зьяўляліся новыя.
Тым ня меней, змаганьні ўладаў са сродкамі ананімнасьці ў інтэрнэце нясе перашкоды для шырокага кола карыстальнікаў: ананімны доступ не закрываецца, але робіцца цяжэйшым. А звыклы доступ у інтэрнэт даўно не ананімны. Напрыклад, беларускія правайдэры афіцыйна абавязаныя ад 2016 году захоўваць зьвесткі аб сайтах, што наведваў карыстальнік, а КДБ легальна можа праслухоўваць любыя размовы.