• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У Беларусі ідзе змаганьне са свабодай слова і думкі». Апошняе слова на судзе журналіста Алега Грузьдзіловіча, якому пагражае 1,5 года турмы

    2 сакавіка суд Савецкага раёну Менску пачаў разгляд справы былога журналіста Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча. Яго абвінавачваюць у 3 эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту.

    Пракурор запатрабаваў пакараць Грузьдзіловіча тэрмінам у 1,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

    Адвакат Грузьдзіловіча на судзе заявіў, што лічыць абвінавачанне неабгрунтаваным, бо ў дзеяньнях Грузьдзіловіча няма складу злачынства, і яму павінен быць вынесены апраўдальны прысуд.

    Публікуем апошняе слова Алега Грузьдзіловіча ў судзе:

    «Я шмат гадоў працаваў у журналістыцы. На Радыё Свабода я, сярод іншага, наведваў і асьвятляў розныя суды. І вельмі часта ў мяне ўзьнікала пытаньне: зьяўляецца справа палітычна матываванай ці не? І цяпер, каля я апынуўся з гэтага боку, у клетцы, не магу не сказаць, што маю справу ўсё ж трэба лічыць палітычнай. І тут ёсьць два складнікі.

    Па-першае (і адвакат на гэта таксама зьвярнула ўвагу) — чаму ў маёй справе зьявіліся бел-чырвона-белы сьцяжок і маленькі вымпэл з «Пагоняй», якія не былі раней забароненыя? Я так разумею, толькі для таго, каб даказаць, што я зьяўляюся прыхільнікам іншых поглядаў. І значыць, мяне за гэта можна судзіць. Гэта адзін чыньнік.

    Алег Грузьдзіловіч у судзе, 2 сакавіка 2022 году

    Другі чыньнік: я запісаў слова, якое ўжыў у абвінавачаньні пракурор, — «падбухторваць» (па-расейску — «подстрекать»). Атрымліваецца, што журналісты «падбухторвалі» сытуацыю тым, што спрабавалі аб’ектыўна асьвятляць тое, што адбывалася на вуліцах. Але я з гэтым рашуча ня згодны — я лічу, што мая журналісцкая дзейнасьць зводзілася да таго, каб працаваць аб’ектыўна. Падбухторвалі, на мой погляд, якраз тыя, хто скажаў інфармацыю і даваў яе непраўдзіва.

    Ва ўсіх эпізодах, якія тут разглядаліся, я выконваў рэдакцыйныя заданьні, спрабуючы разабрацца ў тым, што адбываецца насамрэч. І прыходзячы, напрыклад, на марш, я стараўся абысьці яго з усіх бакоў, каб аб’ектыўна ацаніць колькасьць прысутных, паглядзець, як працуюць сілы правапарадку, агрэсіўна ці не агрэсіўна паводзяць сябе дэманстранты, ці ёсьць там сутычкі, ці іх няма.… Усё гэта немагчыма аб’ектыўна зразумець, калі ты не знаходзісься хаця б побач з падзеямі. У гэтым, я лічу, і палягае праца журналіста. Калі я бачыў, як працуюць некаторыя калегі, напрыклад, зь дзяржаўных СМІ, спрабуючы даць ацэнку збоку, праз манітор — то гэта ня тая інфармацыя, якой можна паверыць, на маю думку.

    І таму мне даводзілася быць там, дзе былі падзеі, назіраць за імі, рабіць фота, каб можна было потым паказаць і даказаць, як было папраўдзе. Гэта мая праца, якую я рабіў, і я ў прынцыпе не адмаўляюся ад яе.

    Калі падсумаваць тое, што я назіраю зараз, што адбываецца са мной, што адбываецца зь іншымі людзьмі, а я на Валадарцы сустракаю шмат калегаў — журналістаў «Нашай Нівы», «Нашай гісторыі», Tut.by, БелаПАН, я там бачыў вядомых сацыёлягаў, філёзафа Мацкевіча і іншых… то гэта дазваляе мне зрабіць наступную выснову. Ідзе змаганьне ня проста са свабодай слова, а ідзе змаганьне са свабодай думкі. З магчымасьцю людзей думаць свабодна і выказваць свае думкі і погляды. Я з гэтым цалкам ня згодны!

    Я думаю, што грамадзтва, калі яно змагаецца з думкамі, вяртаецца ў некія старыя часы. Мне гэта нагадвае канец 80‑х, калі мне, тады карэспандэнту «Знамя юности», даводзілася ў размовах з рэдактарам даказваць, што мы мусім паведамляць пра розныя акцыі, напрыклад, пра суботнік у Курапатах, ці іншыя падзеі, якія афіцыйна ніяк не асьвятляліся. Тады гэта рабілася з той самай мэтай — не даваць інфармацыю людзям, каб яны ня думалі аб свабодзе і іншых шляхах разьвіцьця. Вось мы туды зараз і вяртаемся — на шмат гадоў таму.

    З свайго досьведу журналісцкай працы ў судах я ведаю, што звычайна ў такіх абставінах прынята аб нечым прасіць суд. Я ня буду нічога прасіць у суду. Я думаю, што суд сам прыме рашэньне. Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч, які выступаў тут раней, казаў, што ён спадзяецца на справядлівае рашэньне, я зь ім згодны.

    Але ўсё ж у мяне ёсьць маленькая просьба. Я б хацеў, каб суд прыняў рашэньне вярнуць мне той маленькі вымпэл з «Пагоняй», які ў мяне забралі. Рэч у тым, што гэты вымпел я набыў больш за 20 гадоў таму, калі «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг былі афіцыйнымі, і я абяцаў свайму ўнуку аддаць яго на памяць. І я хацеў бы выканаць сваё абяцаньне. Дзякуй!»

    Вырак у справе Алега Грузьдзіловіча чакаецца 3 сакавіка а 12.00.

    Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

    16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, які пазалетась быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

    Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

    Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020‑м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.

    За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.

     ***

    Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

    У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.

    У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

    У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

    На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

    Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

    Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

    Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці