«У беларусаў зьнікне магчымасьць глядзець на сябе», — белсатаўцы пра пагрозу закрыцьця каналу
Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі назваў «Белсат» маргінальным і заявіў, што ўплыў каналу на рэальнасьць сьціплы. Заяву польскага міністра пракамэнтавалі журналісты «Белсату».
Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі агучыў пляны рэарганізацыі «Белсату». Налета яго могуць далучыць да новага тэлеканалу польскай грамадзкай тэлевізіі, які мае вяшчаць для замежнай аўдыторыі.
Вашчыкоўскі назваў «Белсат» маргінальным і заявіў, што ўплыў каналу на рэальнасьць сьціплы.
Мажэйка: «Сам-насам з дыктатурай здабыць свабоду і дэмакратыю цяжка»
Павал Мажэйка: Калі ствараўся «Белсат», палякі, якія падтрымлівалі нас у польскім урадзе, прадстаўнікі польскай палітычнай і мэдыйнай эліты, казалі так: «Нас, палякаў у 80‑я падтрымлівалі заходнія краіны, яны фінансавалі падпольныя СМІ, газэты, улёткі, друкарні. Таму сёньня мы, палякі, лічым за абавязак падтрымаць вас, беларусаў». У тыя 80‑я дэмакратычны сьвет не задаваўся пытаньнем: «А навошта нам палякі і Польшча?». Усе разумелі, што народ, які б вялікі і слаўны ён ня быў, сам-насам з татальнай дыктатурай ня можа без падтрымкі здабыць свабоду і дэмакратыю.
І ніхто не казаў палякам, што іх падпольныя СМІ «маргінальныя», неатракцыйныя і не ў інтарэсах тагачасных польскіх уладаў. Усе разумелі, што здабыцьцё свабоды і пабудова дэмакратычнай дзяржавы — гэта вельмі доўгі і негарантаваны працэс. І ці атрымаўся б без партнэрскай, сяброўскай падтрымкі круглы стол у Польшчы, тыя 27 гадоў трасфармацыі ў Польшчы, пра якія кажа міністр Вашчыкоўскі, я вельмі сумняюся.
Кустава: «Гэта і небясьпека для незалежнасьці Польшчы»
Валярына Кустава: У гэта немагчыма паверыць. Тое, што ўзводзілася дзесяцігодзьдзе, ня можа быць зьнішчанае ў адзін дзень. Закрыць «Белсат» — неверагодна неабачлівы крок з боку Польшчы. Магчымае закрыцьцё каналу — гэта крок ня толькі да маўчаньня Беларусі, але і небясьпека для незалежнасьці Польшчы ў тым ліку. Каштоўнасьць каналу цяжка пераацаніць.
Такія зьмены на практыцы — канец АДЗІНАГА пастаяннага беларускамоўнага тэлебачаньня, якое стала прасторай грамадзянскага мысьленьня і нацыянальнай ідэнтычнасьці для беларусаў. У нас забіраюць магчымасьць глядзець на сябе — і бачыць ня толькі хібы, але і надзеі.
Ракіцкі: «Да пабачэньня», якое, хутчэй за ўсё, азначае «бывайце»
Вячаслаў Ракіцкі: Прачынаюся ў Варшаве. Напэўна ж, зь дзясяткаў разоў, калі я наведваў Варшаву, гэтыя ўчора, сёньня, заўтра, былі для мяне псыхалягічна найцяжэйшымі. А як інакш, калі робіш сваю любімую працу, разумеючы, што гэта, верагодна, апошнім разам?! Калі кажаш здымачнай групе, зь якой творча і плённа працаваў 9 гадоў, «да пабачэньня», якое, хутчэй за ўсё, азначае «бывайце»?..
І асабліва ўзрушыла сёньня просьба сталага ўдзельніка майго «Кінаклюбу» на «Белсаце», варшаўскага псыхоляга Анджэя Камароўскага, дадаткова запісаць ягоныя словы падтрымкі «Белсату». Ён сказаў на камэру, што ня хоча быць здраднікам… Вось толькі ці пабачаць ужо беларусы ягоную салідарнасьць з намі?.. І ў гэты ж час колішні менскі ўдзельнік «Кінаклюбу», былы калега, на нейкім расейскамоўным сайце вітае закрыцьцё адзінага сапраўды беларускага незалежнага тэлеканалу. Сапраўды невядома, куды Госпад заводзіць людзей…
Мінчонак: «Ніякае іншае мэдыя „Белсат“ ня зможа замяніць»
Аляксей Мінчонак: Калі на пэроне берасьцейскага вакзалу бабка, якая прадае піражкі, пазнае адну з нашых журналістак і пытае: «Як там справы ў «Белсату», то гэта маргінальнасьць? Ці калі ты заблудзіў ноччу на невядомай дарозе за горадам, спыняеш адзіную спадарожную машыну, каб спытаць слушны шлях, і першае, што чуеш: «А вы не зь „Белсату“ раптам?», то, можа, гэта маргінальнасьць? Ці, магчыма, маргінальнасьць — гэта калі табе тэлефануе адзін зь вядучых беларускіх бізнэсоўцаў з просьбаю патлумачыць, што адбываецца ў краіне і як яму працаваць далей? Можа быць, маргінальнасьць — гэта калі пасьля сюжэту на «Белсаце» людзям у вёсцы пачынаюць выплочваць заробак, які не давалі да гэтага тры месяцы?
Казаць пра маргінальнасць і паразу «Белсату» можа толькі чалавек, які зусім не знаёмы з сытуацыяй ці які наўмысна маніпулюе рэчаіснасьцю ў сваіх мэтах. Сёлета ў Менску «Белсат» уганаравалі званьнем самага сацыяльна адказнага мэдыя ў Беларусі. Цырымонія ўзнагароджаньня праходзіла ў «Дыпсэрвіс-холе», першай рэзыдэнцыі Лукашэнкі на вуліцы Фрунзе. У залі былі прадстаўнікі бізнэсу, грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў. І ні ў кога зь іх не было сумневаў, што «Белсат» эфэктыўна і якасна спрыяе асьвятленьню ды правядзеньню сацыяльна значных мерапрыемстваў. Тэлебачаньне хаваюць даўно, але, нават нягледзячы на шалёныя тэмпы разьвіцьця шырокапалоснага доступу да інтэрнэту, свой уплыў яно страціць яшчэ ня хутка. Калі зьнікне «Белсат», то Беларусь пазбавіцца адзінай найбольш даступнай для людзей пляцоўкі атрыманьня альтэрнатыўнай інфармацыі. Ніякае іншае мэдыя ў Беларусі ці за яе межамі пакуль ня зможа яго замяніць.
Залеўскі: «У нас зьнікае магчымасьць глядзець на сябе»
Алесь Залеўскі: Тут горыч і шок хутчэй не ад самога рашэньня польскага МЗС, а ад усьведамленьня нашага месца як нацыі сярод суседзяў ды іншых эўрапейскіх народаў. Нам, як сіротам у дзіцячым доме, на Каляды далі цацку (сапраўднае тэлебачаньне!), пасьля забралі. Чарговы шнар на сэрцы…
У нас зьнікае магчымасьць глядзець на сябе. Мець у хаце люстэрка. Глядзець не толькі на адпрасаваную аватарку ў «Фэйсбуку», а бачыць рэальны стан рэчаў. А ён такі, што свае тэлебачаньне, як і парлямэнт, і нацыянальнае войска, нам трэба яшчэ заслужыць.