У Бабруйску прайшоў вечар, прысвечаны Яўгену Васьковічу
Сябры, калегі і родныя 24 жніўня ўшаноўвалі журналіста “Бобруйского курьера”, палітвязня Яўгена Васьковіча, якога 22 жніўня ўлады выпусцілі на свабоду.
Падобныя вечары, прысвечаныя Васьковічу, раней праводзілі кожны год – у дзень яго нараджэння. Адрозненне гэтага, пятага мерапрыемства ў тым, што праходзіла яно ў прысутнасці самога былога палітвязня.
Вечар арганізавалі інтэрнэт-газета “Бобруйский курьер”, грамадскія актывісты і родныя Яўгена.
Галоўны рэдактар “Бобруйского курьера”, Анатоль Санаценка, прачытаў свой верш “Жыве Беларусь”, прысвечаны Яўгену. Адзначыўшы, што менавіта Васьковіч паспрыяў таму, што ён сам стаў пісаць па-беларуску, і вось гэты верш – першае напісанае на матчынай мове…
Шмат добрых, пяшчотных слоў і пажаданняў прагучала ад родных былога палітвязня, якія дапамагалі яму, падтрымлівалі ўсе гэтыя гады.
Маці Яўгена, Рушанія Іванаўна, абняўшы сына, прастаяла так некалькі хвілін, быццам не жадаючы яго больш нікуды адпускаць. Слёзы з’явіліся на вачах у абодвух. І – не толькі ў іх.
Адзін за адным на імправізаваную сцэну выходзілі знаёмыя, калегі Васьковіча, грамадскія актывісты. І гэта зразумела – шмат хто ў апошні раз бачыў Яўгена толькі ў лістападзе ці снежні 2010 года.
Як кажа кіраўнік «Бобруйского курьера», цяпер трэба яшчэ вярнуць Яўгена ў актыўную журналістыку, аднавіць яго правы як журналіста. Гэта – справа бліжэйшага часу.