У Бабруйску другі раз затрыманы журналіст-фрылансер Андрэй Карэлін. UPD: На свабодзе
Журналіста-фрылансера з Бабруйска Андрэя Карэліна затрымалі 6 снежня.
Як паведамілі Reform.by сябры Андрэя, сілавікі прыйшлі да яго дадому. Журналіста адвезлі ў аддзяленне міліцыі.
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, Андрэя Карэліна адпусцілі з пастарунку. У яго адбыўся ператрус. Журналіст праходзіць у якасці сведкі па крымінальнай справе. Цяпер ён на волі.
У лістападзе Андрэя Карэліна асудзілі на 12 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП РБ). Нагодай для затрымання тады стала гісторыя ў архіве Instagram журналіста, на фота быў лагатып выдання, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Пры затрыманні ў яго правялі ператрус, забралі тэлефон і ноўтбук. На волю ён выйшаў 24 лістапада.
Для «палітычных» у Бабруйскім ІЧУ былі створаны асаблівыя ўмовы: у камеры на трох чалавек знаходзілася пяцёра. Спаць прыходзілася на драўляных ложках без матрацаў і пасцельнай бялізны. Начамі супрацоўнікі ізалятара рэгулярна праводзілі праверкі — трэба было падысці да так званай «кармушкі» і назваць свае імя і прозвішча. Любыя перасоўванні па-за камерай (на суд, ці падчас ранішніх ці вячэрніх праверак) — толькі ў кайданках.