У Арменіі затрымалі прарасійскага блогера і журналіста «Спутніка»
Іх падазраюць у незаконным абароце зброі, піша «Наша Ніва».
У Арменіі затрыманыя прарасійскі блогер Міка Бадалян і журналіст «Спутнік Арменія» Ашот Геваркян. Іх падазраюць у незаконным абароце зброі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Следчага камітэта краіны Гор Абраамян, піша «Радыё Свабода».
Прадстаўнік ведамства ўдакладніў, што Бадалян і Геваркян былі затрыманыя ў Сюнікскай вобласці 6 і 7 верасня. Усяго па справе аб незаконным абароце зброі затрыманыя сем чалавек.
Пасольства Расіі ў Арменіі заявіла, што распачне крокі для высвятлення абставінаў таго, што здарылася, і сочыць за развіццём сітуацыі.
Медыягрупа «Расія сёння», да якой адносіцца «Спутнік Арменія», таксама паведаміла аб тым, што сочыць за затрыманнем Геваркяна і «разлічвае на захаванне ўсіх працэсуальных нормаў».
«Магчымыя правакацыі, накіраваныя на падрыў дружбы паміж брацкімі народамі Расіі і Арменіі, павінны быць неадкладна спыненыя», — гаворыцца ў заяве холдынга.
Раней прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян раскрытыкаваў расійскі міратворчы кантынгент у Нагорным Карабаху, заявіўшы, што той не выконвае сваёй задачы, а таксама заявіў, што залежнасць Арменіі ў сферы бяспекі толькі ад адной краіны, а менавіта Расіі, была «стратэгічнай памылкай». Са слоў палітыка, Расія сама пакідае Паўднёвы Каўказ. Ён падкрэсліў, што ніякія заходнія сілы, пра якія гавораць у Расіі, не падштурхоўваюць Ерэван да разрыву з Масквой.
Пазней стала вядома, што ў Арменіі з 11 да 20 верасня пройдуць супольныя армяна-амерыканскія вучэнні Eagle partner — 2023. Мінабароны краіны ўдакладніла, што вучэнні пройдуць у рамках падрыхтоўкі да ўдзелу ў міжнародных міратворчых місіях.
Арменія ўваходзіць у вайсковы блок АДКБ нароўні з Расіяй і яшчэ некалькімі краінамі, якія раней былі ў СССР. Пры гэтым яна падтрымлівае партнёрскія адносіны з НАТА. Першыя сумесныя вучэнні вайскоўцаў ЗША і Арменіі прайшлі яшчэ ў 2013 годзе.
Чытайце яшчэ:
Страчаныя супольнасці. У Вільні абмяркоўваюць галоўны выклік для журналістыкі рэгіёна
Телеграм‑бот «Глаз бога» и «Магнит». Как милиционеры пробивают телефонные номера, почты и адреса беларусов
Як чытаць незалежныя СМІ і не падстаўляцца — падрабязны гайд