«Ты што, не мужык?» У Маладзечне абмеркавалі гендарныя стэрэатыпы
"Разбураем гендарныя стэрэатыпы" — сустрэчу на такую тэму арганізавала Маладзечанская філія ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Пра жыццёвы выбар і традыцыйныя рэакцыі грамадства разважалі Аксана Кірылюк — адзіная жанчына-каваль у Беларусі з Маладзечна, і Юры Сенкевіч — настаўнік пачатковых класаў з пасёлка Чысць. Сустрэчу мадэравала старшыня філіі Зоя Хруцкая.
Аксана змяніла шэраг прафесій і захапленняў — эканаміст, ландшафтны дызайнер, адкрыла першую ў горадзе студыю бальных танцаў, атрымала марскія правы і ліцэнзію пілота. А калі жанчыне было каля 30 гадоў, яна стала кавалём.
Як сям’я адрэагавала на выбар прафесіі
Аксана Кірылюк: Да таго, як стала кавалём, я рэалізавала некалькі праектаў. Яны прыносілі добрыя грошы. Пасля інстытута ні капейкі не брала ў бацькоў, таму сама вырашала, як будаваць жыццё.
Юры Сенкевіч: Бацька хацеў, каб я стаў афіцэрам, пайшоў у сувораўскае. Пытаўся, навошта мне жаночая прафесія, прамым тэкстам казаў: «Ты што, не мужык?»
Ці сутыкаліся з гендарнымі стэрэатыпамі
Юры Сенкевіч: У беларускай сферы адукацыі 14 % — мужчыны. У вучылішчы на групу было двое хлопцаў. У школе з 90 работнікаў — пяцёра мужчын.
Некаторыя пытаюцца, што са мной не так, што я працую настаўнікам пачатковых класаў. Я пачаў займацца гэтай справай 29 год таму, мне мой занятак падабаецца.
Працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Потым прызначылі намеснікам па выхаваўчай рабоце, на пасадзе адпрацаваў дзевяць гадоў. Марыў пра дырэктарства, але ў гэтым мяне «збілі на ўзлёце».
Аксана Кірылюк: Да мяне прыязджаюць як да майстра, пра якога ведаюць. Па першым часе некаторыя касіліся, іншыя прапаноўвалі пафарбаваць пнеўматычны молат у ружовы колер. Стэрэатыпы крыху ёсць, але яны мне не замінаюць.
Ці баяцца жанчыны займаць пасады
Аксана Кірылюк: Да мяне часам накіроўваюць людзей, якія хацелі б штосьці змяніць. Напрыклад, у жанчыны цяжкае становішча, яна не можа развесціся, таму што няма грошай, а дзяцей карміць трэба. У такіх выпадках можна дапамагчы чалавеку манетызаваць захапленне так, каб з гэтага жыць.
Гэта рэальна для кожнай жанчыны, кожнай сферы, кожнага захаплення, калі ў чалавека выспеў унутраны стан пераменаў. Гэта не пра тыя сітуацыі, калі кажуць «стварыце мне арганізацыю, я буду там дырэктарам».
Чым адрозніваецца жаночае шчасце ад мужчынскага
Аксана Кірылюк: Няма ні жаночага, ні мужчынскага шчасця. Ёсць шчасце чалавека, які самарэалізаваўся, іншага проста няма.
Калі прачынаешся і хочаш, каб дзень пачаўся — ты шчаслівы. Чалавеку можа быць няважна, ці ёсць у яго сям’я. У кожнага свае крытэрыі шчасця.
Юры Сенкевіч: У мяне няма думкі, што жанчына павінна стаяць ля пліты. Кожны мусіць рабіць тое, што робіць яго шчаслівым.
Фота і відэа Ігара Палынскага