• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Твой Стыль” — 10 год стылёвага жыцця

    2 сакавіка 2007 года свет пабачыла гродзенскае моладзевае выданне “Твой Стыль”, якое ў 2016 годзе пераўтварылася ў Hrodna.life

    За 10 год  існавання праз рэдакцыю прайшло больш за 70 журналістаў. Частка з іх засталася працаваць у журналістыцы, цяпер гэта такія вядомыя імёны як Зміцер Ягораў і Алесь Залеўскі, Вольга Камягіна і Марына Харэвіч, Аляксей Кайрыс і Руслан Кулевіч.

    Пра стварэнне выдання і яго змены распавядае адзін з заснавальнікаў і рэдактараў, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Вітаўт Руднік:

    — “Твой Стыль” пачынаўя як эксперэментальная пляцоўка для практыкі маладых журналістаў у сітуацыі, калі ў горадзе  зніклі фактычна ўсе недзяржаўныя выданні, дзе практыкаваліся навучэнцы і выпускнікі нашай “Школы маладога журналіста”. Выданне разглядалася спачатку як часовы праект, але досыць хутка мы зразумелі, што на яго аснове можна рабіць паўнавартаснае гарадское інфармацыйнае выданне. Быў рэдактар, была каманда, былі штодённыя навіны і ў такім ключы мы ўсе 10 год стараліся развівацца. «Твой Стыль” даўно разглядаецца ў горадзе як адзін з паўнавартасных інфармацыйных рэсурсаў, дзе жыхары атрымліваюць інфармацыю пра падзеі ў горадзе, у рэгіёнах суседніх з намі краін, часам у свеце. У такім ключы мы плануем працаваць і далей.

    — Якая каманда працавала на “Тваім Стылі” і як склаўся лёс гэтых людзей?

    — Я ўчора паспрабаваў узгадаць людзей, якія найбольш працавалі ў выданні. Спіс атрымаўся амаль з 60 асобаў, прычым уночы я ўзгадаў яшчэ дзесятак людзей і ясна, што іх было значна больш. Праз выданне прайшло шмат рэдактараў і журналістаў. Многія з іх і да гэтай пары працуюць у журналістыцы. Для нас вялікі гонар, калі людзі кажуць, што стартам ў прафесію, першай журналісцкай працай для іх быў “Твой Стыль”.

    — «Твой Стыль» і Hrodna.life — чым яны адрозніваюцца?

    — Канцэптуальна адрозненні невялікія. І там, і там была задача стаць крыніцай інфармацыі для гродзенцаў, месцам, куды людзі прыходзілі б з задавальненем, месцам, дзе можна бачыць шмат аўтарскіх матэр’ялаў, дзе друкуюцца цікавыя аўтары. “Твой Стыль” саступае Hrodna.life у візуальным дызайне. У нас змянілася аўдыторыя ў бок павелічэння, прычым значнага павелічэння. Мы пайшлі на рэбрэндынг, каб перастаць асацыявацца з моладзевым выданнем. Цяпер наша аўдыторыя — гэта людзі, у  першую чаргу, дарослыя. Hrodna.life ствараўся, каб нават назвай паказаць, што гэта гродзенскае выданне, якое піша пра жыццё горадзе.

    Для журналісткі партала Tut.by Вольгі Камягінай “Твой Стыль” быў маленькім універсітэтам журналістыкі:

    — “Твой Стыль” з’явіўся ў маім жыцці пяць год таму. У пачатку сакавіка 2012 года я напісала туды першы артыкул пасля 10-гадовага перапынку ў журналістыцы. “Твой Стыль”  для мяне чароўны сон, нейкія светлыя і добрыя ўспаміны, гэта файная каманда і “моцная” журналістыка. Я ўсцешаная, што сайт развіваецца, што цяпер там шмат маладых журналістаў, якія пішуць і ў іх “гараць вочы” (а гэта галоўнае для журналісцкай працы). Для мяне “Твой Стыль” застаўся, хіба, не “дзіцячым садком”, які ўзгадваюць, а “ўніверсітэтам”, які даў вельмі шмат.

    Я хачу сказаць “дзякуй” свайму першаму рэдактару Алене Раўбецкай, якая заўсёды падтрымлівала мяне, якая паказвала мне на мае памылкі і давала добры фідбэк на артыкулы. Дзякуй таксама Вітаўту Рудніку, які прапанаваў тады напісаць артыкул пра Казюкі. Дзякуй і Аляксею Шота, які сабраў нас у каманду, і мы «рвалі” ўсю гродзенскую інфармацыйную прастору. Я ўзгадваю файны артыкул з Алісай Чыкатоўскай. Мы суткі дзяжурылі ў МНС і гэта была сапраўдная журналістыка ”апрабавана на сабе”.

    Для гарадзенскага гісторыка і журналіста Аляксея Кайрыса “Твой Стыль” стаў прыступкай ў журналістыку:

    — “Твой Стыль” — мой першы крок у журналістыку. Я па адукацыі гісторык, але гэтае выданне дапамагло мне рэалізавацца як журналісту, атрымаць нейкія першыя навыкі, набіць першыя шышкі і, дзякуючы гэтаму, я цяпер супрацоўнічаю з некаторымі беларускімі выданнямі.

    11 сакавіка ў Гродне плануецца імпрэза, на якую запрошаны ўсе журналісты і рэдактары, якія супрацоўнічалі з выданнем.

    Фота: «Твой стыль» і Вольгі Камягінай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці