• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Трыбуна” стала першым нацыянальным спартыўным інфарэсурсам на беларускай мове

    2 лістапада рэдакцыя папулярнага спартыўнага інтэрнэт-выдання перайшла на новы сайт і такім чынам стала першым ад атрымання краінай незалежнасці спартыўным медыя на беларускай мове.

    “Дарагія сябры! Тое, што вы чытаеце гэты пост, ёсць прыкметай таго, што ў жыцці Tribuna.com  адбылася вельмі важная падзея — вы яе, напэўна, ужо заўважылі. Мы пераехалі на новы сайт. І сталі першым у нашай гісторыі спартыўным медыя на беларускай мове”, — гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле.

    Там таксама ўдакладняецца, што гэта не рэдызайн платформы — паўнавартасна перазапушчаны ўвесь сайт. Цяпер ён дзвюхмоўны з ухілам на беларускую. Усе тэхналагічныя задачы вырашаныя нанова, але рэдакцыя пастаралася захаваць кантэнт, які шмат гадоў вырабляўся на старой версіі.

    “З некаторымі функцыямі мы развітваемся. Гэта балючы, але неабходны крок, які свядома робіцца дзеля таго, каб у “Трыбуны” з’явіўся свой сайт, свая адмінка і свой рухавік. Развіваць пад патрэбы Tribuna.com папярэднюю версію магчымасці ўжо не было. Для нас важна пазбавіцца ад усялякай тэхналагічнай залежнасці. Далей — будзем развівацца самі”, — інфармуе рэдакцыя.

    Паводле кіраўніцтва партала, давялося скараціць частку функцыянальнасці. Таксама некаторы час давядзецца існаваць з пэўнымі абмежаваннямі ў блогах і статыстыцы. Магчыма, нехта гэта ацэніць як  крок назад, але ў той жа час сайт перапісалі на больш сучасных тэхналогіях, якія адкрываюць больш магчымасцяў, тлумачаць ініцыятары рэбрэндынгу. 

    Беларускамоўны інтэрфейс — галоўная змена, якую ўсе так доўга чакалі і прасілі, акцэнтуюць у рэдакцыі. Зроблены рэдызайн, які будзе на інтуітыўным узроўні зразумелы і тым, хто карыстаўся рэсурсам раней, і тым, хто завітаў толькі цяпер.

    “Трыбуна” адзначае, што цяпер усе навіны публікуюцца на беларускай мове, але іх таксама можна будзе прачытаць па-расійску. У прыватнасці, рэдактарскія і блогерскія допісы будуць перакладацца толькі выбарачна, а ў асноўным яны будуць публікавацца на той мове, якую абраў аўтар.

    “Гэта значыць, што ў беларускай вэрсіі сайту вам можа трапіцца тэкст на расійскай мове, пры гэтым увесь інтэрфэйс будзе па-беларуску. І наадварот — беларускамоўны тэкст можа сустрэцца ў вэрсіі з расійскамоўным інтэрфейсам”, — адзначылі ў рэдакцыі СМІ.

    Партал “Трыбуна” некалькі апошніх гадоў застаецца вядучым спартыўным медыя краіны, істотна апярэджваючы па колькасці наведнікаў і дзяржаўную газету “Спортивная панорама”, і некалі папулярны “Прессбол”, дзе цяпер кантрольны пакет акцый належыць Беларускай федэрацыі футбола. 

    Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года некаторыя супрацоўнікі рэдакцыі патрапілі пад рэпрэсіі. Так, журналіст і відэаблогер Аляксандр Івулін адбывае два гады зняволення за ўдзел у пратэстных маршах, праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем. У прыцэле ўвагі сілавікоў апынуліся і іншыя супрацоўнікі “Трыбуны” — у прыватнасці, арганізатары і заснавальнікі Максім Беразінскі і Алег Гаруновіч. З гэтай прычыны рэдакцыя вымушана пакінула краіну, каб не самаліквідавацца, а працягваць прафесійную дзейнасць.  

    Дарэчы, Максім Беразінскі ў сваім каментары адзначыў, што кампанія  намагаецца эканоміць на вытворчасці кантэнту, таму, той жа міжнародны спорт будзе асвятляцца сумеснымі высілкамі з украінскай Tribuna.com.

    Нагадаем, што “Трыбуна” адной з першых сярод незалежных СМІ прызнаная ў Беларусі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” — гэта здарылася яшчэ ў жніўні 2021 года. Суд Чыгуначнага раёна Віцебска на патрабаванне абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК вынес рашэнне аб занясенні ў “экстрэмісцкі спіс” сайта Тribunа.сом і яго вытворных ў сацсетках і месенджарах.

    Тады Міністэрства ўнутраных спраў адрапартавала, што на гэтых старонках размяшчаліся публікацыі, якія заклікалі “да экстрэмісцкай дзейнасці”. За рэпост ведамства традыцыйна палохае адказнасцю.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці