Папаўненне ў «экстрэмісцкім» спісе Мінінфарма: тры акаўнты ў TikTok з беларускімі навінамі
У «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Мінінфармацыі 23 красавіка з’явіліся звесткі пра тое, што ў адзін дзень суд Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкімі» тры TikTok ‑акаўнты, дзе транслююцца агульнабеларускія ці рэгіянальныя навіны.
19 красавіка 2024 года суд Пухавіцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй»:
- кантэнт старонкі ў TikTok пад назвай «ПРЕССА» з ідэнтыфікатарам @pressa.tv,
- кантэнт старонкі ў TikTok пад назвай «Нашы Навiны» з ідэнтыфікатарам @nashanivanews,
- кантэнт старонкі ў TikTok пад назвай «Пра Вiцебск\Вясна» з ідэнтыфікатарам @praviciebsk.
Да слова, апошні рэсурс у спісе Мінінфарма названы няправільна, слушная назва — «Пра Вiцебск\Вясна прыйшла». Старонка не мае дачынення да Праваабарончага цэнтра «Вясна», як магло б падацца паводле назвы.
Гэты самы акаўнт у TikTok, але пад ранейшай назвай «Пра Вiцебск\Про Витебск» (ідэнтыфікатар той самы — @pravicebsk) ужо ёсць у пераліку Міністэрства інфармацыі: яго змест прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» сёлета 20 сакавіка, адпаведнае рашэнне прыняў суд Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. На старонцы асвятляюцца рэгіянальныя навіны, але не ў тым ключы, як іх перадаюць афіцыйныя СМІ.