• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Траіх прапагандыстаў прызначаць «сенатарамі»

    Кандыдатамі ў Савет Рэспублікі зарэгістраваныя экс-міністр інфармацыі Ігар Луцкі, галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук, галоўная рэдактарка холдынга «Могилевские ведомости» Ірына Петрусевіч.

    Галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук. Фота: zviazda.by

    Усяго ў Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі зарэгістравалі 56 кандыдатаў у Савет Рэспублікі.

    Хутчэй за ўсё, прапанаваныя кандыдаты пройдуць выпрабаванне «выбарамі», бо 56 — гэта роўна столькі, колькі патрабуецца паводле заканадаўства для фарміравання верхняй палаты Парламента. «Усе грамадзяне адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, вызначаным для кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі», — паведаміла 28 сакавіка прэс-служба ЦВК.

    Да гэтых 56 «сенатараў» далучыцца яшчэ восем — іх прызначае сваім указам Аляксандар Лукашэнка.

    У спіс вылучэнцаў ад Брэсцкай вобласці трапіў Ігар Луцкі. Ён родам са Століна, быў звязаны з дзяржаўнымі СМІ, а апошнім часам займае пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

    Ігар Луцкі нарадзіўся ў 1972 годзе. Скончыў факультэт радыёфізікі і электронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2004—2006 гадах Луцкі займаў пасаду намесніка дырэктара інфармагенцтва БелТА. Пасля гэтага быў дырэктарам «Новага радыё» (2006–2008), уладальнікам якога з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. У 2008 годзе ён вярнуўся ў БелТА на пасаду першага намесніка дырэктара і адпрацаваў каля шасці гадоў. У 2014 годзе Ігара Луцкага прызначылі першым намеснікам міністра інфармацыі Беларусі, а яшчэ праз чатыры гады чыноўнік стаў генеральным дырэктарам тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне».

    Ігар Луцкі. Фота: «Гродзенская праўда»

    4 чэрвеня 2020 года, за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў, Луцкі быў прызначаны міністрам інфармацыі. Кіраваў міністэрствам менш за год — з 5 красавіка 2021 года займае пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

    У беларускай медыясупольнасці дзейнасць Ігара Луцкага звязаная з моцным ціскам на недзяржаўную прэсу. У чэрвені 2022 года ён сам распавядаў пра асабісты ўнёсак у справу, паводле якой інтэрнэт-партал TUT.BY быў закрыты і прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

    За свае ўчынкі на дзяржаўных пасадах Ігар Луцкі ў 2020–2021 гадах трапіў у санкцыйны спіс Еўразвяза і некаторых іншых дзяржаў.

    Дзмітрый Жук, кандыдат у «сенатары» ад Мінска, падчас кіравання агенцтвам БелТА быў начальнікам Ігара Луцкага.

    Жук нарадзіўся ў 1970 годзе ў адной з вёсак Мінскай вобласці. У 1992 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры». У 1992—1993 гадах працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў школе-гімназіі ў Мінску. З 1993 па 1997 гады працаваў у выдавецка-інфармацыйным цэнтры Нацыянальнага банка Беларусі. У 1997—1999 гадах працаваў у прадстаўніцтве расійскага інфармацыйнага агенцтва «Интерфакс» у Беларусі. У лістападзе 1999 года прызначаны кіраўніком прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. З 2003 па 2018 гады займаў пасаду дырэктара інфармагенцтва БелТА (РУП «Беларускае тэлеграфнае агенцтва»).

    З 6 лютага 2018 года прызначаны галоўным рэдактарам выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня» і аднайменнай газеты.

    У 2011 годзе разам з іншымі супрацоўнікамі і кіраўнікамі дзяржаўных СМІ Беларусі быў ўключаны ў так званы чорны спіс Еўрапейскага саюза ў сувязі з рэпрэсіямі, якія распачаліся ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Жуку забаранілі ўезд на тэрыторыю ЕС, актывы падлягалі замарозцы.

    Як было заяўлена ў рашэнні Еўрапейскага савета, «Жук нясе адказнасць за перадачу медыямі дзяржаўнай прапаганды, якая падтрымлівала і апраўдвала рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці 19 снежня 2010 года, выкарыстоўваючы сфальсіфікаваную інфармацыю». Падчас «размарозкі» стасункаў Захаду і Мінска у 2016 годзе санкцыі з Жука знялі.

    У лістападзе 2020 года ўнесены ў санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі.

    У жніўні 2022 года ў інтэрв’ю газеце «Звязда» Дзмітрый Жук заявіў, што ўсе супрацоўнікі дзяржаўных медыя «так ці інакш апынуліся на перадавой гібрыднай вайны, развязанай супраць нашай краіны». Прычым, паводле прапагандыста, вайна пачалася «не ўчора і не пазаўчора, вайна супраць нас вялася паўтара дзесяцігоддзя дакладна».

    Гады пасля 2020-га Жук называе выпрабаваннем, але кажа, што яны таксама далі шэраг «цікавых, яскравых імён» і складае свой топ прапагандыстаў: Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая, Раман Рудзь, Дзмітрый Крат, Максім Восіпаў.

    Наперадзе ж, паводле Жука, беларускіх дзяржаўных журналістаў чакае выхаванне «маральна-этычных якасцяў, вельмі важных у гэтай гібрыднай вайне».

    Ад Магілёўскай вобласці ў «сенатары» высунулі галоўную рэдактарку холдынга «Могилевские ведомости» Ірыну Петрусевіч. Яна ўзначальвае яго з 2020 года.

    Галоўная рэдактарка холдынга «Могилевские ведомости» Ірына Петрусевіч. Фота: Галіна Гаврыловіч, golk.by.

    «За ўвесь перыяд яе кіраўніцтва медыя перайшло ад адносна нейтральнай падачы навін да адкрытай прапаганды супраць беларусаў, якія мірна выступілі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. З пачаткам вайны Расіі супраць Украіны журналісты выдання пад кіраўніцтвам Петрусевіч пачалі актыўна прасоўваць крамлёўскія наратывы сярод магілёўцаў», — піша  тэлеграм-канал магілёўскіх праваабаронцаў MAYDAY TEAM.

    Да «Могилевских ведомостей» Ірына Петрусевіч з 2000-га па 2018 год працавала ў раённай газеце «Голас Касцюкоўшчыны», ад 2013-га — на пасадзе галоўнай рэдактаркі. З 2018-га па 2020 год была намесніцай старшыні Касцюковіцкага райвыканкама.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці