Ток-шоў на ТВЦ: «Украінцы хочуць жыць як нармальныя людзі, а не ў гаўне, як вы» (відэа)
Вострыя заўвагі польскага журналіста давялі да бойкі ўдзельнікаў перадачы на расійскім канале.
Апошнюю перадачу «Права голасу» на расійскім тэлеканале ТВЦ знялі з эфіру — расійскія яе ўдзельнікі пачалі махаць кулакамі ў адказ на рэплікі польскага журналіста Тамаша Мацейчука, сведчыць запіс перадачы, выкладзены ў інтэрнет.
Глядзець з 23:30.
«Білі паляка за абразу Расіі», — кажа каментар на афіцыйным канале ТВЦ у YouTube.
Мацяйчук удзельнічаў у перадачы, прысвечанай трэцяй гадавіне Майдану, на баку прадстаўнікоў Украіны. Амаль уся перадача складалася з кпінаў расійскага боку наконт незавершанасці і непаспяховасці украінскай рэвалюцыі 2013–2014 гадоў.
«Вы ведаеце, які цяпер сярэдні заробак у Расіі?» — прыкладна на 23 хвіліне запісу задаў пытанне Мацяйчук, на што ніводны расійскі ўдзельнік не змог адказаць.
«У Румыніі цяпер сярэдні заробак вышэйшы, чым у Расіі», — заўважыў польскі журналіст.
Параўнанне з Румыніяй відавочна абурыла апанентаў, якія сталі крычаць.
«Украінцы таксама хочуць жыць, як нармальныя людзі, а не ў лайне, як вы», — заключыў паляк.
Пасля гэтага расіяне пагрозліва абступілі Мацейчука, сталі патрабаваць, каб ён пакінуў праграму, а потым пачалі бойку.