• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: TikTok-акаўнт «Белсата», асабістыя старонкі журналістаў Аляксандра Чарнухі і Сяргея Бяспалава

    Увечары 18 лістапада Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце. У пералік забароненых інфармацыйных рэсурсаў дададзеныя сярод іншых чарговы Tik­Tok-акаўнт «Белсата», асабістыя старонкі незалежных журналістаў Аляксандра Чарнухі і Сяргея Бяспалава.

    Фота: pexels.com

    У абноўлены спіс «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» ўключаны Tik­Tok-акаўнт з назвай «belsat.tv» ( ідэнтыфікатар tiktok.com/@belsat.tv). А таксама лагатып гэтай старонкі, апісаны на сайце ведамства наступным чынам: «надпіс «БЕЛСАТtv» з паласой чырвонага колеру, пад якой размешчаны надпіс  «NEWS» на фоне графічнай выявы мегафона». Адпаведнае рашэнне прыняў 14 лістапада суд Лідскага раёна Гродненскай вобласці.

    Таксама 14 лістапада суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» Telegram-канал «BesLive» (ідэнтыфікатар t.me/BesLive). Гэты Telegram-канал вядзе незалежны блогер і журналіст Сяргей Бяспалаў.  Рэсурс мае больш за дзве з паловай тысячы падпісчыкаў.

    Рашэнне прызнаць канал «BesLive» «экстрэмісцкім» вынесла суддзя Святлана Сняжко. Ініцыятарам звароту ў суд пазначаная мясцовая пракуратура, а зацікаўленым бокам на судзе — Міністэрства інфармацыі Беларусі.

    Выпадкова ці не, але дакладна ў гэты дзень два гады таму (14 лістапада 2022 года) з’явіліся звесткі, што «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны асабісты  YouTube-канал Сяргея Бяспалава і яго Telegram-канал з ідэнтыфікатарам «BesLive». Тады гэта адбылося паводле ініцыятывы пракуратуры горада Мінска. Раней — у чэрвені 2022 года — Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі аб’явіла «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» Telegram-каналы «Сергей Беспалов», «Мая Краіна Беларусь» и «Усы Лукашенко», да якіх меў дачыненне блогер.

    Рашэннем суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ад 16 лістапада «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаная асабістая старонка ў  сацсетцы Insta­gram беларускага журналіста Аляксандра Чарнухі — музычнага крытыка, аўтара YouTube-канала «Міністэрства сепультуры» і Telegram-канала «Беларуская музыка». 

    Insta­gram-акаўнт з назвай «cher­nuho» (ідэнтыфікатар hinstagram.com/chernuho/?g=5#) пастанавіла лічыць небяспечным суддзя Вольга Апановіч. Ініцыятарам разгляду справы выступіла Баранавіцкая міжраённая пракуратура.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці