• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    The Washington Post прысвяціла рэдакцыйны артыкул беларускім палітвязням

    Утрыманне палітвязняў у інфармацыйным вакууме з’яўляецца “бесчалавечным” і “жахлівым”, гаворыцца ў апублікаваным 7 ліпеня рэдакцыйным артыкуле ўплывовай амерыканскай газеты The Wash­ing­ton Post.

    The Washington Post пра беларускіх палітвязняў

    Публікацыя прысвечаная беларускім палітвязням, якія больш за год знаходзяцца ў інфармацыйнай блакадзе (інкамунікада).

    “Пры дыктатары Аляксандры Лукашэнку Беларусь часта служыла палігонам для выпрабаванняў метадаў рэпрэсій. Цяпер ён займаецца жорсткімі псіхалагічнымі катаваннямі, утрымліваючы палітычных зняволеных без сувязі са знешнім светам”, — адзначаюць аўтары артыкула.

    Выданне канстатуе, што пра шасцярых палітвязняў няма вестак з 2023 года: пра Максіма Знака — з 8 лютага, Мікалая Статкевіча — з 10 лютага, Марыю Калеснікаву — з 15 лютага, Ігара Лосіка — з 20 лютага, Сяргея Ціханоўскага — з 9 сакавіка, Віктара Бабарыку — з 26 красавіка.

    У артыкуле гаворыцца, што ў 2020 годзе Лукашэнка прайграў выбары “з вялікім адрывам” і “скраў іх у сапраўдных пераможцаў”.

    Рэжым інкамунікада названы “разбуральным для вязняў”, якія “не атрымліваюць ніводнага слова або паведамленні звонку”, а таксама для іх сем’яў, якія “не ведаюць, ці жывыя іх блізкія”.

    The Wash­ing­ton Post заяўляе, што інфармацыйная ізаляцыя парушае Міжнародную канвенцыю ААН па абароне людзей ад гвалтоўных знікненняў, ухваленую 23 снежня 2010 года на Генасамблеі.

    “Канвенцыя абвяшчае: “ніхто не павінен падвяргацца гвалтоўнаму знікненню” і “ніякія выключныя абставіны, якімі б яны ні былі, няхай гэта будзе стан вайны або пагроза вайны, унутраная палітычная нестабільнасць або любое іншае надзвычайнае становішча, не могуць служыць апраўданнем гвалтоўнага знікнення”, — падкрэсліваецца ў артыкуле.

    “Свет можа трымаць у цэнтры ўвагі справы гэтых зняволеных. Злучаныя Штаты і іншыя краіны павінны рэгулярна патрабаваць доказы жыцця зніклых. Дыктатурам нельга дазваляць зачыняць турэмныя дзверы, выкідваць ключ і нічога пра гэта не чуць”, — адзначае рэдакцыя.

    Утрыманне зняволеных без сувязі са знешнім светам і адмова паведамляць пра іх месцазнаходжанне і лёс у адпаведнасці з міжнародным правам можа афіцыйна лічыцца гвалтоўным знікненнем, якое з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці ў адпаведнасці з Рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суда, гаворыцца ў апублікаваным 21 чэрвеня аналітычным аглядзе праваабарончай арганізацыі Free­dom House, прысвечаным утрыманню зняволеных у рэжыме інкамунікада.

    Праваабаронцы заклікалі дэмакратычную супольнасць садзейнічаць таму, каб “імёны зніклых палітвязняў не сыходзілі з поля зроку грамадскасці, нягледзячы на фізічную ізаляцыю чалавека”.

    Выступаючы 13 чэрвеня на слуханнях Камісіі ЗША па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкская камісія) “Заглушанае іншадумства: доля палітвязняў і пошук адказнасці” дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская паведаміла, што не менш за 250 беларускіх зняволеных сёння знаходзяцца ў смяротнай небяспецы, шасцёра ўжо памерлі.

    Палітык таксама папрасіла ЗША падтрымаць заклік да генеральнага сакратара ААН даць доступ да тых, хто знаходзіцца за кратамі, аказаць ім медыцынскую і юрыдычную дапамогу, аказваць ціск на рэжым для вызвалення палітвязняў, а таксама павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам і сем’ям рэпрэсаваных.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці