• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тэрмометр, антысептык, хатні рэжым. Як беларускія медыя працуюць ва ўмовах каранавіруса

    У адных рэдакцыях журналісты працуюць з дому. У іншых — ёсць кантроль тэмпературы на ўваходзе і абавязковая апрацоўка антысептычнымі сродкамі.

    Большасць рэдакцый недзяржаўных беларускіх медыя сур’ёзна паставіліся да абароны сваіх супрацоўнікаў ад магчымага заражэння. БАЖ апытаў калег з некаторых выданняў.

    БелаПАН

    — Мусім клапаціцца пра людзей, — кажа галоўны рэдактар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына. Ад панядзелка там прынята рашэнне працаваць дыстанцыйна.

    — Безумоўна, журналісты наведваюць прэс-канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы, але затым едуць дадому і працуюць дыстанцыйна. Зразумела, калі ўсе знаходзяцца ў адным памяшканні, каардынаваць  працу рэдакцыі значна прасцей. Але, мяркую, пару дзён і мы навучымся рабіць гэта дыстанцыйна на такім жа высокім узроўні, — кажа Ірына Леўшына.

     

    TUT.BY

    — Мы кожны дзень абмяркоўваем сітуацыю з калегамі і гатовыя да розных варыянтаў, але пакуль працуем у офісе. Хоць калі той ці іншы супрацоўнік адчувае недамаганне ці мае хворых родных, ён ідзе на бальнічны ці проста працуе з дому, — кажа Марына Золатава. Галоўная рэдактарка TUT.BY тлумачыць, што такі падыход у рэдакцыі існаваў і раней.

    — Разам з тым дыстанцыйна кіраваць маленькай рэдакцыяй значна прасцей, чым вялікай. Таму мы гатовыя да любых варыянтаў, увесь час раімся з калегамі, але пакуль асноўная частка журналістаў працуе ў офісе з выкананнем усіх мер бяспекі, — гаворыць Золатава.

     

    Onliner.by

    Ад учорашняга дня журналісты неаператыўных аддзелаў Onlin­er працуюць дыстанцыйна, аператыўных — у рэдакцыі.

    — Плюс анлайн-медыя ў тым, што мы можам хутка перафарматаваць сваю працу. Ёсць працоўныя чаты, дзе адбываецца камунікацыя. Усё працуе, — гаворыць галоўны рэдактар Onliner.by Мікалай Казловіч.

     

    “Наша Ніва”

    — Мы працуем у рэдакцыі, але абмежавалі доступ у яе іншых людзей. Стараемся нікога ў рэдакцыю не запрашаць і выконваць меры перасцярогі, — кажа рэдактар NN.BY Ягор Марціновіч.

     

    “Комсомольская правда» в Беларуси”

    — Мы сур’ёзна ставімся да сітуацыі, у рэдакцыі паўсюль ёсць сурвэткі і антысептыкі, — расказвае галоўны рэдактар “Комсомольской правды» Андрэй Ляўкоўскі. — Усе, у каго ёсць хоць нейкія прыкметы захворвання, застаюцца дома. Мы набылі дыстанцыйны тэрмометр, і ў кожнага чалавека, які прыходзіць да нас у рэдакцыю, замяраем тэмпературу. Прыбіральшчыца мые падлогу і паверхні з антысептычным сродкам.

     

    Тэлеканал “Белсат”

    Сітуацыя з каранавірусам найбольш паўплывала на працу гэтага медыя. Найперш таму, што большая частка рэдакцыі знаходзіцца ў Варшаве і мусіць кіравацца тамтэйшымі правіламі.

    — У Польшчы на сёння дзейнічаюць значна мацнейшыя супрацьвірусныя правілы. У сувязі з гэтым мы максімальна перавялі людзей на хатнюю працу. Але цалкам тэлебачанне з дому рабіць немагчыма, — гаворыць намеснік дырэктара “Белсата” Аляксей Дзікавіцкі.

    — На два тыдні мы адмовіліся ад інфармацыйна-публіцыстычнага вечаровага эфіру “Студыя Белсат” — запіс гэтай перадачы вымушае збіраць у невялікім памяшканні вялікую колькасць журналістаў, рэдактараў, гасцей, аператараў і іншых людзей. Таксама бліжэйшыя запісы ток-шоу “Кожны з нас” пройдуць без публікі.

    Вечаровы “Аб’ектыў”, безумоўна, застаецца. Мы часова запісваем яго ў меншай студыі.

    Што тычыцца мінскага офіса, то ён працуе ў штатным рэжыме. Але там звычайна няма вялікага скаплення людзей, бо калегі едуць на здымкі і адпраўляюць матэрыялы з дому, — тлумачыць Дзікавіцкі.

     

    “Еўрарадыё”

    — Яшчэ з мінулага тыдня частка журналістаў працуюць з дому. Але мы радыё, цалкам сысці на хатні рэжым ніяк не можам. Таму на кожным стале ў рэдакцыі ў нас ёсць антысептык і вільготныя сурвэткі, — кажа галоўны рэдактар “Еўрарадыё” Павел Свярдлоў.

    На працу з дому перашлі і некаторыя іншыя недзяржаўныя выданні. А вось у дзяржаўных медыя заяўляюць, што працуюць у штатным рэжыме. Такія адказы далі, напрыклад, у інфармагентстве БелТА, рэдакцыі “СБ. Беларусь сегодня” і Белтэлерадыёкампаніі.

     

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

    У офісе грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» праз клопат пра калег адмянілі ўсе масавыя мерапрыемствы. Некаторыя адукацыйныя курсы пройдуць у анлайн-фармаце. Пакуль офіс арганізацыі працуе ў штатным рэжыме, плануецца, што з панядзелка 23 сакавіка ў офісе будзе дзяжурыць нехта з супрацоўнікаў.

    Мы рэкамендуем калегам максімальна прытрымлівацца правілаў гігіены, а пры першых жа сімптомах хваробы заставацца дома і звяртацца да лекараў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці