«Тэма, якая нас хвалюе, — гэта эміграцыя. Бо цяпер гэта нашае жыццё». Размова з Валянцінай Гарцуевай пра праект «Дзённікі» і «ўнутраную» эміграцыю
На ютуб-канале Незалежнай тэатральнай групы «Незалежныя Купалаўцы» адбылася прэм’ера новай часткі відэапраекта «Дзённікі». Праз тэксты беларускіх пісьменнікаў артысты прамаўляюць пра набалелае — тэму эміграцыі. Budzma паразмаўляла з актрысай і ўдзельніцай праекта Валянцінай Гарцуевай пра тое, як паўсталі «Дзённікі», у чым іх актуальнасць, чаму важна літаральна заставацца ў полі зроку гледача і дзе мяжа паміж актывізмам і мастацтвам.
— Валя, раскажы, калі ласка, як з’явілася ідэя праекта?
— Здаецца, гэта было паўтара гады таму, калі пачалася вайна. Мы зразумелі, што павінны неяк выказацца на гэты конт. Мы знаходзіліся ў Любліне і рыхтаваліся да прэм’еры «Дзядоў». Рэпетыцыі праходзілі ў Цэнтры культуры, дзе быў хутка арганізаваны валанцёрскі штаб. І тут важна расказаць пра наш унутраны настрой у гэты момант.
Уваходзячы ў будынак, кожны дзень мы бачылі вялізарную колькасць украінскіх жанчын з дзецьмі і адчувалі ўвесь гэты жах і стрэс, выкліканы пачаткам вайны. Паралельна былі цяжкасці з выпускам спектакля, і мы не змаглі на ўсе гэтыя падзеі хутка адрэагаваць і прыдумаць, як можна выказацца. Не хацелася рабіць нешта ў лоб у стылі: «Мы супраць вайны».
Нам спатрэбілася больш за тры тыдні, каб сфармуляваць ідэю. Гэта павінна было называцца «Дзённікі вайны». Мы абралі тэксты беларускіх і ўкраінскіх аўтараў, якія ў той момант знаходзіліся ва Украіне і, застаўшыся там, вялі свае дзённікі на Фэйсбуку, таму матэрыял быў у адкрытым доступе. Мы ўсё гэта запісалі. Было зразумела, што праект трэба працягваць. Але, на жаль, доўга нічога не было магчыма, бо ў кожнага свае справы — людзі пачалі неяк уладкоўвацца ва ўласным жыцці. Для мяне гэта быў момант незваротны, бо, напрыклад, калі пачалася вайна, я зразумела, што не вярнуся ў Беларусь.
Асабістыя складанасці кожнага з артыстаў накладваліся адно на адно. Усе гэтыя моманты былі перашкодамі для працы над купалаўскім ютубам. А цяпер, напэўна, падышоў правільны момант.
Мы зразумелі, што «Дзённікі» — гэта першае, што мы хочам зрабіць, калі да нас звярнуліся Лявон Вольскі і Юры Стыльскі. Яны збіраліся зладзіць дабрачынны аўкцыён, дзе збіраліся прадаваць свае карціны, і атрыманыя грошы перадаць Купалаўцам на праект. Не трэба было доўга думаць, каб зразумець, што тэма, якая нас хвалюе, — гэта эміграцыя. Бо цяпер гэта нашае жыццё.
— Якая задача ў працы над гэтым праектам была самай складанай?
— Мне здаецца, што заўсёды самае складанае — гэта пачаць. Пачынаецца ўсё з нейкага сцэнара, літаратуры. Адна справа — вызначыць тэму, якая цябе зараз цікавіць. Іншая — знайсці добры матэрыял і зразумець, як яго апрацаваць і як менавіта павінен выглядаць выніковы прадукт.
— Што гэта быў за матэрыял? Нейкія расказы, урыўкі з кніжак?
— Так, у нашыя рукі трапіў часопіс «Мінкульт». І адзін з яго нумароў быў прысвечаны эміграцыі. Альбо ў расказе падымался гэтая тэма, альбо аўтар сам знаходзіўся і працаваў у эміграцыі. Для нас гэта была сапраўдная знаходка. Там былі апублікаваныя вельмі цікавыя ўрыўкі раманаў, расказы, дзённікі, лісты.
— У Купалаўцаў ёсць даволі разнастайныя праекты: ад музычна-паэтычнага, скажам так, «стэндапу» пад назвай «Я гавару» да паўнавартасных спектакляў з вялікім акцёрскім складам. Раптоўна з’яўляюцца «Дзённікі», у якіх артысты проста чытаюць тэксты розных аўтараў на камеру. Што гэта за фармат працы, і які ў ім сэнс? Чаму было важна зрабіць менавіта відэаверсію замест, напрыклад, падкасту?
— Як артысты тэатра мы прызвычаіліся выходзіць на сцэну. А са з’яўленнем ютуб-канала мы прызвычаіліся рабіць відэа, бо адразу пасля сыходу з Купалаўскага тэатра ў нас не было іншых магчымасцяў. У Менску Купалаўцы ўжо не мелі шанцу знайсці сцэну, і ютуб-канал у гэтым дапамагаў — ён быў адзінай сувяззю з беларускімі гледачамі. Што тычыцца менавіта «Дзённікаў эміграцыі», галоўным чынам гэта зварот да нашай аўдыторыі.
Нам вельмі важна, каб яны бачылі нашыя вочы, а не толькі чулі нашыя галасы. Мне здаецца, гэта больш моцная сувязь, калі бачыш, хто перад табой, што і як ён кажа. Мы займаемся тэатрам, таму для Купалаўцаў гэта нешта накшталт тэатральнай пляцоўкі.
— Па якім прынцыпе абіраліся тэксты? Ці працавала ты над падборкай і кампіляцыяй самастойна, або гэта рабілі ўсе разам?
— Я працавала, але шмат раілася з астатнімі калегамі. Прынцыпу не было. Мне вельмі хацелася, каб гэтая гісторыя не выглядала вузка, не была выключна пра эміграцыю і людзей, якія з’ехалі, каб не была цікавая толькі ім.
Я не ведаю, ці атрымалася, але хацелася, каб гучала тэма так званай унутранай эміграцыі. У яе трапляюць тыя, хто не з’ехаў з Беларусі, бо некаторыя з іх тым ці іншым чынам збягаюць з рэчаіснасці, быццам адмаўляюцца ад таго, што бачаць вакол. Яны зараз у больш цяжкім маральным стане, бо кожны дзень знаходзяцца ў небяспецы і пазбаўлены магчымасці адкрыта выказвацца.
— На ютуб-канале анансавана, што гэта толькі першая частка «Дзённікаў эміграцыі». Пра што будзе другая?
— У ёй будуць іншыя расказы і ўрыўкі тэкстаў, але мы паспрабавалі захаваць тэму, бо хочам працягваць казаць пра тое, што нас хвалюе. Ёсць яшчэ шмат непрагаворанага. Нават эміграцыя мне здаецца нязручнай тэмай, пра яе не хочацца шмат казаць. У нашым грамадстве гэта ўвогуле спрэчная тэма.
Часам я чую меркаванне, быццам мы, беларусы, раздзяліліся на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. Сваім праектам Купалаўцы хочуць паспрабаваць аб’яднаць людзей, бо на самай справе беларусы так не дзеляцца. Я, напрыклад, хачу вярнуцца. Я не з’ехала назаўсёды. У мяне тут нават не атрымліваецца супакоіцца і ўладкавацца. Я не думаю, як пабудаваць тут сваю будучыню, жыву з думкамі пра дом і людзей, якія засталіся ў Беларусі.
Думаю, падобных тэмаў шмат. Мяркую, «Дзённікі» можна працягваць вельмі доўга, аднак не заўсёды ёсць на гэта рэсурсы, бо любая здымка — гэта выдаткі. Таму мы былі вельмі ўдзячныя Лявону і Юрыю за падтрымку ў тым, што мы ўжо даўно хацелі зрабіць.
— Чаму яны вырашылі аддаць грошы менавіта Купалаўцам?
— Думаю, справа можа быць і ў тым, што мы не вельмі вялікі калектыў, і Лявон з Юрыем дакладна не ведалі, колькі грошай атрымаюць за продаж сваіх карцін. На нейкую вельмі вялікую справу іх магло быць недастаткова, таму мы вельмі рады, што яны вырашылі дапамагчы Купалаўцам творча выказацца на важную тэму.
— Праект «Дзённікі» дзякуючы сваёй простай форме і актуальнаму зместу ў мяне асабіста выклікае ўражанне своеасаблівага мастацкага маніфесту. Каму-небудзь нават можа здацца, што гэта менавіта акцыя. Ці ёсць нейкая мяжа паміж актывізмам і мастацтвам?
— Мяжа ёсць, гэта ўвогуле розныя рэчы, далёкія адно ад аднаго. Калі пра наш калектыў казаць, здаецца, мы заўсёды займаліся толькі мастацтвам, нягледзячы на складаны лёс, які нам усім выпаў.
Мастацтва можа займацца вострымі тэмамі, абіраць сучасныя праблемы, абуджаць, мяняць чалавека, альбо не рабіць гэтага. Мастацтва застаецца мастацтвам, на маю думку. Калі я чую слова «акцыя», яно больш выклікае асацыяцыю з палітыкай.
Хаця «Незалежныя Купалаўцы» таксама пачаліся ў 2020‑м з акцый, але калі мы нават пісалі звароты, дык звярталіся хутчэй як людзі, грамадзяне сваёй краіны, якія маюць права на свае думкі, намагаюцца абараніць гэтыя правы, стаяць супраць гвалту, шукаюць падтрымкі і спадзяюцца. А ўрэшце, галоўнае, каб тое, чым мы займаемся, было патрэбна людзям, і няважна, як яны будуць гэта называць.
— Ці можа праект «Дзённікі» з часам перарасці ў штосьці большае — напрыклад, набыць іншы фармат, ператварыцца ў фільм ці спектакль?
— Такія ідэі ёсць. Мы будзем гэта рабіць, але на ўсё патрэбны час.
Тэатр увогуле займае шмат часу. Ім трэба займацца, калі ты гатовы даваць яму свой час. Спектакль не робіцца за два дні. Са здымкамі лягчэй, гэта больш кампактная і мабільная гісторыя, але нават у гэтым выпадку трэба пісаць сцэнарый і гэтак далей.
Мы хочам развівацца — каб з гэтага вырасталі іншыя, большыя праекты. Але пакуль не буду раскрываць нашыя задумкі.
Чытайце яшчэ:
Асцярожна: прапаганда! Ці трэба і як асвятляць прадзяржаўны кантэнт
Памёр журналіст «Настоящего времени», былы тутбаевец і свабодавец Алег Ануфрыенка
Як жыве зараз беларуская незалежная журналістыка? Адказвае наместнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі