Тэлевядоўца «Беларусь‑4» цалкам адбыў пакаранне і ўжо на волі
Вядучы праграмы "Ранішні эспрэса" на "Беларусь-4" (ТРК "Брэст") Канстанцін Свідуновіч 25 ліпеня 2022 г. выйшаў на волю
Канстанцін Свідуновіч — жыхар Брэста, вядучы праграмы «Ранішні эспрэса» на «Беларусь‑4» (ТРК «Брэст»).
Канстанціна затрымалі 24 сакавіка 2021 па так званай «справе карагодаў», якая датычыцца акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. У той дзень калона дэманстрантаў выйшла на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Рух аўтамабіляў і грамадскага транспарту на ўчастку быў абцяжараны. Людзі спявалі песні, вадзілі карагоды да тых часоў, пакуль не прыехаў вадамёт. Услед за ім выбеглі сілавікі і пачалі затрымліваць пратэстоўцаў.
Канстанціну было прад’яўлена абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ён утрымліваўся ў СІЗА‑7 Брэста.
У судзе Ленінскага раёна Брэста 30 жніўня суддзя Дзмітрый Куроўскі абвясціў прысуды шостай партыі абвінавачаных па «справе карагодаў». З 14 абвінавачаных чатыры ўтрымліваліся да суду пад вартай — іх вызвалілі ў зале суда. Былога тэлевядучага «Беларусь‑4» Канстанціна Свідуновіча, Іллю Ягорава, пружанца Сяргея Канановіча і Аляксандра Жука пакаралі паўтара гадамі «хіміі».
11 снежня 2021 Канстанцін пачаў адбываць тэрмін у ПУАТ № 49.
Палітвязень цалкам адбыў пакаранне і 25 ліпеня 2022 г. выйшаў на волю.
Чытайце яшчэ:
Дзяржабвінаваўца запатрабавала для журналісткі Ірыны Слаўнікавай 4 гады пазбаўлення волі
У шырокі доступ трапіла «Жоўтая кніга» — хроніка падзей у СМІ 1995–1997 гадоў
Журналіст Дзяніс Івашын. 500 дзён за кратамі