Тэлефоны журналістаў TUT.by слухалі да таго, як з’явілася “справа БелТА”
Раніцай 7 жніўня Следчы камітэт праводзіць першыя публічныя дзеянні ў межах так званай “справы БелТА”. Пачынаюцца вобшукі ў рэдакцыях партала TUT.by і БелаПАН, затрымліваюцца рэдактары і журналісты гэтых медыя. А ўжо вечарам гэтага ж дня ў газеце прэзідэнцкай адміністрацыі “СБ-Белорусь сегодня” з’яўляецца матэрыял на тэму “крадзяжу матэрыялаў з платнай падпіскі БелТА” з пацвярджэннем “злачынства” ― аўдыёзапісам “праслушкі” размовы журналістаў TUT.by. Менавіта ў тым запісе гучаць словы “Так, мы тырым”.
Пра тое, наколькі законна публікаваць матэрыялы следства да вынясення прысуду, мы цяпер разважаць не будзем. Зробім тое, што не зацікавіла “аддзел журналісцкіх расследаванняў” “СБ” ― супаставім даты. Але па чарзе.
“Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БЕЛТА» аб збоях пры ажыццяўленні доступу да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся тэлеграфным агенцтвам аднаго з яго заказчыкаў. Супрацоўнікі МУС пачалі праверку і выявілі шматлікія факты неправамернага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з’яўляецца БЕЛТА”, ― чытаем у матэрыяле СБ тлумачэнні кіраўніка прэс-службы Следчага камітэта Сяргея Кабаковіча.
Значыцца, праслухоўваць тэлефоны журналістаў TUT.by пачалі пасля таго, як да праваахоўнікаў звярнулася кіраўніцтва БелТА і была распачатая праверка. Калі гэта было? У Следчым камітэце Еўрарадыё так і не далі адказ як на пытанне, калі была распачатая крымінальная справа, так і на пытанне, калі ў міліцыю прыйшоў зварот ад БелТА.
На другое пытанне адказ дае галоўны рэдактар БелТА Ірына Акуловіч. Хоць і называе даволі прыблізную дату.
“Гэта быў альбо канец красавіка, альбо пачатак траўня. Я баюся назваць вам не тую лічбу і потым апынецца, што я дала вам няверную інфармацыю”, ― кажа Ірына Акуловіч.
Галоўным рэдактарам БелТА Ірына Акуловіч становіцца на пачатку красавіка 2018 года. Можа, звароты з боку карыстальнікаў платнай стужкай навін інфармагенцтва наконт праблем з доступам былі да яе прыходу? Не, кажа Ірына Акуловіч, звяртацца карыстальнікі пачалі пасля яе прыходу на пасаду галоўнага рэдактара.
Добра, і гэтага пакуль дастаткова. Цяпер удакладняем у галоўнага рэдактара TUT.by Марыны Золатавай, калі адбывалася тая размова наконт “тырым”.
“Размова была ў сакавіку”, ― коратка адказвае Золатава.
А цяпер супаставім тэрміны: запісаная з дапамогай праслушкі размова была ў сакавіку, а зварот у міліцыю і, адпаведна, праверка выкладзеных там фактаў супрацоўнікамі МУС ― у канцы красавіка-пачатку траўня. Розніца як мінімум у месяц! Выбачайце, а на якой падставе, у межах якой крымінальнай справы ці праверкі вялася праслушка тэлефонных размоў журналістаў TUT.by?
Юрыст Павел Сапелка не выключае, што праслушку маглі весці ў межах “аператыўнай распрацоўкі”. З якой нагоды і хто ― адказу няма.
Як стала вядома Еўрарадыё, хоць у “СБ-Беларусь сегодня” аўдыёзапіс і перадалі яны, але сам запіс быў зроблены не супрацоўнікамі СК. Міліцыя ў сакавіку праверку па звароце БелТА яшчэ не праводзіла і, хутчэй за ўсё, размову журналістаў не праслухоўвала.
Калі зыходзіць з таго, што санкцыю на праслухоўванне тэлефонных размоў журналістаў у нас можа, апроч пракуратуры, даць асабіста старшыня альбо СК, альбо КДБ, то здагадацца, адкуль тырчаць вушы не складана.