“Тэлефонная фатаграфія” Яна Хведчына: выстава ў Гродне
У памяшканні народнага фотаклуба “Гродна” 13 чэрвеня адчынілася выстава фатографа Яна Хведчына “Тэлефонная фатаграфія”.
Малады, але ўжо даволі вядомы ў Гродне фатограф Ян Хведчын мае вопыт супрацы з рэдакцыямі розных СМІ. Ён рабіў здымкі для “Гродзенскай праўды” і “Вечернего Гродно”, партала TUT.BY і іншых незалежных СМІ, ладзіў розныя прыватныя праекты.
“Тэлефонная фатаграфія” — гэта выстава з амаль трох дзясяткаў здымкаў, якія Ян Хведчын зрабіў на мабільны тэлефон цягам апошніх пяці гадоў падчас сваіх падарожжаў па Беларусі, Украіне і Літве. Некалькі здымкаў паказваюць дэманстрацыі ў Парыжы, куды фатограф трапіў ў 2019 годзе.
Паводле Яна Хведчына, мэта гэтай выставы — паказаць, што фотаздымкі можна рабіць любымі прыладамі, калі няма магчымасці карыстацца вялікай камерай.
Фатограф заўважыў, што для апрацоўкі здымкаў ён не выкарыстоўваў ніякіх дадатковых прыладаў, апроч стандартных фільтраў у Instagram, а для працы над выставай ён скарыстаўся двума мабільнымі тэлефонамі.
Выстава ў Гродне будзе працаваць да 27 чэрвеня 2019 года.