Тэкст «Еўрарадыё» пра Дзень цвярозасці ў Лоеве намінаваны на European Press Prize
Журналіст Еўрарадыё Аляксей Карпека стаў першым беларусам, які трапіў у шорт-ліст прэміі European Press Prize. Яго тэкст "Жыць — балюча". Сум і безнадзёга ў "Дзень цвярозасці" ў Лоеве" намінуецца ў катэгорыі "Выдатны рэпартаж" разам з тэкстамі з Guardian, Le Monde, Sunday Times, Dagbladet Magasinet і Coda Story.
Тэкст Аляксея быў адабраны сярод найлепшых работ больш чым 700 журналістаў з трынаццаці краін з усёй Еўропы.
Сёлета пяць пераможцаў European Press Prize абярэ журы ў складзе: старшыня галоўны рэдактар Le Monde Сільві Каўфман, галоўны рэдактар The New Times Яўгенія Альбац, карэспандэнт Süddeutsche Zeitung Аляксандра Федэрл-Шмід, былы галоўны рэдактар The Guardian Алан Русбрыджэр і намеснік дырэктара eldiario.es Хуан Луіс Санчэс.
European Press Prize прысуджаецца ў 4 катэгорыях: «Выдатны рэпартаж», «Інавацыя», «Меркаванне» і «Расследаванне». Таксама суддзі прысуджаюць Спецыяльную прэмію за выдатную журналістыку, якая кідае выклік катэгорыям і дысцыплінам.
Пераможцаў абвесцяць 11 чэрвеня.