Тэкст дыктоўкі да Дня роднай мовы будзе чытаць Аліна Коўшык
У абвешчаны ЮНЕСКА Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, будуць зладжаны як мінімум дзве беларускія дыктоўкі — у Беларусі і Польшчы. Арганізатары абвясцілі аб пачатку прыёму заявак.
У Мінску яе правядзе Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа — праўда, толькі дыстанцыйна. Дыктоўка адбудзецца з 13 да 14 гадзін у рэжыме анлайн-трансляцыі на YouTube-канале ўстановы, на платформе Zoom, а таксама ў жывым эфіры канала «Культура» Беларускага радыё. Зарэгістравацца можна да 20 лютага.
Летась, паводле звестак Акадэміі навук, анлайн дыктоўку напісалі каля тысячы чалавек з усёй Беларусі.
У гэты ж дзень, але ўвечары — у 17.30 па мясцовым часе — правядзе сваю дыктоўку кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта сумесна з Беларускім моладзевым хабам і Беларускім домам у Варшаве.
Пра гэтую акцыю вядома крыху больш: узяць удзел у ёй можна будзе як традыцыйна (але колькасць месцаў абмежаваная памерамі ўніверсітэцкай аўдыторыі), так і дыстанцыйна, на старонцы кафедры ў Facebook. Зарэгістравацца неабходна да 16 лютага.
Дарэчы, свой удзел пацвердзілі ўжо прадстаўнікі беларускіх дыяспар з Чэхіі, Вялікабрытаніі, ЗША і Канады.
Чытаць тэкст дыктоўкі будзе Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні.
Традыцыя адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы агульнанацыянальнай дыктоўкай пайшла з ініцыятывы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Першапачаткова яе праводзілі ў сядзібе ТБМ, удзел у ёй прымалі як грамадзяне Беларусі, так і дыпламаты заходніх місій у краіне. Потым акцыю падхапілі і дзяржаўныя інстытуцыі.
У 2021 годзе ТБМ было ліквідавана ўладамі Беларусі.
Чытайце яшчэ:
“Я не пераборлівы”. На “казённых харчах” у калоніі Андрэй Кузнечык заўважна схуднеў
Белорусской журналистке в Варшаве отказали в размещении рекламы ее магазина на белорусском языке
МФЖ/ЕФЖ запускают кампанию по сбору средств для поддержки украинских журналистов