Тактоўнасць і яшчэ раз тактоўнасць!
Што агульнага ў Элізы Андрэ, пасажыраў аэробуса А‑330 і маці згарэлых у дзіцячым садку ў Мексіцы дзетак?
Усе яны тым ці іншым чынам трапілі на старонкі газетаў ды экраны тэлебачання, сталі героямі журналісцкіх публікацыяў і расследаванняў. Героямі не ў самы лепшы для гэтага момант іх жыцця (ці ўжо смерці).
Тое, што журналістаў заўсёды цягне на «смажанае» – гэта факт. Як факт і тое, што і гісторыя французскай дзяўчынкі, і гібель на борце самалёта больш за 200 чалавек з розных краін свету – рэчы, якія папросту не маглі застацца па-за ўвагай журналістаў. Але ўвага ўвазе – вялікая розніца.
Да прыкладу, ці заўважыў хто, як асвятлялася на розных тэлеканалах супрацьстаянне паміж французскім грамадзянінам і расійскай грамадзянкай за права выхоўваць трохгадовую Элізу Андрэ? Натуральна, што бесстароннасцю на большасці з гэтых каналаў і не пахла.
Зразумела, расійскае тэлебачанне стала на бок маці, еўрапейскае — больш распавядала пра правы бацькі. Але мяне зацікавіла іншае – правы дзіцяці. У тым ліку і права на прыватнае жыццё, і права на тое, каб яе маленькі прыгожы твар не з’яўляўся штодзень на вокладках газетаў ды на тэлевізійных экранах.
Здаецца, пра гэтае права дзіцяці ведаюць амаль усе журналісты. У Еўропе даволі сур’ёзна ставяцца да такіх этычных патрабаванняў, як забарона на друк фотаздымкаў непаўнагадовых без дазволу дарослых. Але ж не ў выпадку з Элізай! Яна была настолькі «салодкім кавалачкам» для журналістаў, што не паспеўшы апынуцца на руках у бацькі, адразу трапіла ў шматлікія аб’ектывы тэле- і фотакамер.
Прызнацца, можа і сама б ніколі не задумалася над тым, што такія паводзіны журналістаў не выглядаюць этычнымі, асабліва ўлічваючы той стрэс, які прыйшлося перажыць дзіцяці, якое ўжо некалькі разоў выкрадалі адзін у аднаго яе бацькі… Задумалася толькі тады, калі раптоўна пабачыла па тэлеканале «Еўраньюз» сюжэт пра вяртанне дзяўчынкі бацьку.
Здзівіла, што твар малой, якую ведалі амаль што ва ўсіх краінах свету, фотаздымкі якой былі ў кожнага паліцэйскага ад Францыі да Румыніі, так вось, яе твар быў… закрыты!
Вось бацька выходзіць з паліцэйскага пастарунку, трымаючы на руках Элізу. Вось ён абарочваецца да журналістаў спіной так, што твар дзяўчынкі, якая абдымае яго за шыю, знаходзіцца якраз насупраць тэлекамер… Але замест перапуджаных вачэй Элізы глядач бачыць толькі спецэфект.
Здаецца, такія паводзіны тэлекампаніі (а, зразумела, гэта быў усвядомлены крок рэдактараў праграмы) не выглядаюць разумнымі, бо (яшчэ раз звярну вашу ўвагу), як выглядае дачка Ірыны Беленькай, скрадзеная ёй у свайго былога мужа, ведалі па ўсёй Еўропе.
Але ж у канала «Еўраньюз», відавочна, існуе добра распрацаваны этычны кодэкс, якога ў дадзеным выпадку прытрымліваліся журналісты і рэдактары. І ў той час, калі калегі вакол «смакавалі» вобраз вернутай бацьку малой, журналісты гэтага канала сумленна прытрымліваліся сваіх жа правіл, выкладаючы астатнім урок гуманнасці.
Звесці шкоду для псіхікі дзяўчынкі да мінімуму, тактоўна аднесціся да пачуццяў трохгадовага чалавека значна цяжэй, чым зрабіць тое ж самае ў дачыненні да чалавека дарослага. З апошнім усё больш-менш проста, бо ведаеш, што ў выпадку парушэння ягоных правоў, можаш атрымаць позву ў суд…
Яшчэ адзін, на мой погляд, паказальны, прыклад тактоўных адносінаў да псіхалагічнага стану людзей – агалошанне спісу загінуўшых пасажыраў аэробуса А‑330, якія ляцеў з Бразіліі ў Парыж. Спіс пасажыраў таго рэйсу ў журналістаў з’явіўся толькі на трэці дзень пошуку самалёта. І зроблена гэта было з адной мэтай – першымі аб здарэнні павінны былі дазнацца родныя пасажыраў, яны ж мелі магчымасць адмовіцца ад таго, каб імя блізкага трапіла ў агульны спіс…
З павагай да мёртвых і тактам да жывых…