Таццяну Пыцько аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Паводле рашэння суда Віцебскага раёна, які адбыўся 9 красавіка, асуджаную за супрацу з «экстрэмісцкім фарміраваннем» Таццяну Пыцько аштрафавалі на 25 базавых велічынь (1000 BYN).
Суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП — за тое, што на яе старонцы ў сетцы «Одноклассники» супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў Віцебскага раёна знайшлі інфармацыйную прадукцыю і лагатып двух інтэрнэт-рэсурсаў, унесеных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Як вынікае з асабістых звестак у судовай пастанове, Таццяна Пыцько — ужо былая жонка відэааператара Вячаслава Лазарава. Летась 25 верасня, яшчэ ў статусе сямейнай пары, іх абодвух асудзілі за супрацу з замежным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем.
Працэс над Пыцько і Лазаравым праходзіў у Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Суддзя Яўген Будуноў прызнаў жанчыну вінаватай паводле артыкула 361–4 КК (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці) і асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пазней Вярхоўны суд (суддзя Юрый Руткоўскі), разгледзеўшы яе апеляцыйную скаргу, змяніў рашэнне першай судовай інстанцыі. У якасці пакарання Таццяне Пыцько пакінулі тыя ж тры гады зняволення ўжо паводле артыкула 361–1 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), але з адтэрміноўкай: жанчына мусіць іх адбыць, калі малодшай, агульнай з Вячаславам Лазаравым, дачцэ споўніцца тры гады.
Паводле рашэння Вярхоўнага суда Таццяна Пыцько з 24 лістапада 2023 года знаходзіцца на волі. Яе малодшай дачцэ тры гады споўніцца ў траўні 2025 года, аднак наяўнасць адміністрацыйнага спагнання можа паўплываць на далейшы лёс Таццяны Пыцько ўжо цяпер. Яна знаходзіцца пад кантролем міліцыі, і парушэнні заканадаўства могуць стаць прычынай адпраўкі ў калонію раней за прызначаны тэрмін.
21 чэрвеня 2023 года, праз два тыдні пасля таго, як Таццяну Пыцько ўзялі пад варту пасля ператрусу ў яе кватэры, беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яе палітычнай зняволенай. 8 снежня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла жанчыну ў пералік грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў таксама прызнаны палітычным вязнем і адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве. Паводле апошніх звестак, ён нядаўна хварэў на пнеўманію, а 11 красавіка быў змешчаны ў штрафны ізалятар на невядомы тэрмін.
Віцебскі абласны суд прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле часткі 2 і часткі 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі падчас разгляду апеляцыйнай скаргі перакваліфікаваў абвінавачанне журналісту на частку 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і зменшыў тэрмін і ўмовы пакарання — да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.