• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сёння па «справе БелТА» дапытаюць Паўлюка Быкоўскага і Таццяну Каравянкову

    Журналістка Вольга Быкоўская паведаміла, што 10 жніўня Следчы камітэт правядзе допыт яе мужа, карэспандэнта «Deutche Welle» ў Беларусі Паўлюка Быкоўскага, які ўсцяж пад вартай. Таццяна Каравянкова ўжо ўдома, але зноў павінная з’явіцца ў следчых.

    Сядзіба Следчага камітэту. 8 жніўня 2018 года. Фота – Віктар Драчоў/TASS/Forum

    Пра допыт Паўлюка Быкоўскага ягоны адвакат даведаўся, зрабіўшы восем званкоў.

    «Я асабіста будуць чакаць вызвалення пасля яго. Гэта вынікае з папярэдніх дзеянняў СК», – напісала Быкоўская.

    Рашэнне аб далейшым лёсе Быкоўскага павінен прыняць следчы або пракурор раёну, дзе затрымалі журналіста.

    Вольга Быкоўская таксама дапускае, што Паўлюка могуць выпусціць у суботу, а 15:30, калі скончыцца трохдзённы тэрмін затрымання.

    Cледчыя дапытаюць сёння журналістку БелаПАН Таццяну Каравянкову. Яна паведаміла пра гэта радыё «Свабода» пасля вызвалення ў позна ў чацвер.

    «Аб 11‑й гадзіне я мушу з’явіцца на допыт. Раней я адмаўлялася даваць паказанні, бо кепска пачувалася», — распавяла Каравянкова.

    У чацвер увечары Следчы камітэт вызваліў з‑пад варты чатырох супрацоўніцаў TUT.BY, затрыманых па «справе БелТА» – Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, Ганну Ермачонак і Галіну Уласік.

    Затрыманай па «справе БелТА» застаецца таксама галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. 9 жніўня яе дапыталі і адвезлі на Акрэсціна.

    Вобшукі і затрыманні журналістаў TUT.BY і БелаПАН прайшлі раніцай 7 жніўня. СК распачаў супраць іх крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 349 КК (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, выкананы з асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды). Падставай стала паведамленне агенцтва «БелТА» аб збоях аднаго з ягоных кліентаў падчас доступу да навінаў па платнай падпісцы.

    8 жніўня ператрус прайшоў у журналіста Аляксея Жукава і ў сям’і Быкоўскіх. На допыт у СК даставілі таксама траіх журналістаў і галоўнага рэдактара парталу Realt.by Уладзіслава Кулецкага. У той жа дзень следчыя дапыталі таксама заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці