Сёння а 14‑й – суд над гомельскім журналістам. Падтрымаем калегу!
15 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбудзецца разгляд чарговай адміністрацыйнай справы ў дачыненні да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Адрас суда – вул. Пушкіна, 10, пачатак а 14-й гадзіне.
Яго зноў абвінавачваюць у парушэнні арт. 22.9 КаАП – “незаконным вырабе прадукцыі СМІ”, а па сутнасці – у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Як вынікае з аўдыёзапісу размовы журналіста з маёрам Шукелем з Цэнтральнага РАУС Гомеля, падставай для адміністрацыйнай справы стаў сюжэт на “Белсаце”. Канкрэтнай назвы і часу выхаду сюжэта міліцыянт не агучыў, але сказаў, што ў ім ішла гаворка пра Беларускае таварыства чырвонага крыжа.
Міліцыянт хацеў выклікаць Жукоўскага на папярэднюю размову ў Цэнтральны РАУС Гомеля, але той не пагадзўся. Днямі журналісту прыйшла позва ў суд.
Жукоўскі, якога сёлета штрафавалі ўжо 6 разоў, зрабіў эмацыйны запіс у Фэйсбуку, заклікаючы калег прыйсці ў суд падтрымаць яго.
Між тым, стала вядома, што 8 красавіка той жа маёр Шукель склаў адміністрацыйны пратакол у дачыненні да журналісткі Ларысы Шчыраковай па тым жа арт. 22.9 КаАП.
Яе вінавацяць у тым, што яна нібыта зрабіла матэрыял пра візіт прадстаўніка ААН па справах уцекачоў Бушардзі ў Гомельскую абласную арганізацыю таварыства Чырвонага крыжа.
Сама Шчыракова адмаўляе сваё аўтарства – яна кажа, што прысутнічала на сустрэчы, але выпадкова выдаліла запіс з флэш-карты. “Гэта проста прававое бязмежжа і здзек. Спадзяюся, у судзе справа разваліцца», – заявіла журналістка сайту gomelspring.org.