Сына вядомага бабруйскага блогера адпраўляюць у турму
Сына бабруйскага блогера Алега Жалнова прысудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
Аляксея Мілюкова (Жалнова) абвінавацілі ў парушэньні артыкула 415 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі»). Паводле прысуду, падсудны, які адбываў трохгадовую «хімію» ў Наваполацкім папраўчай установе адкрытага тыпу № 15, на шлях выпраўлення не стаў, сістэматычна ухіляючыся ад адбыцьця пакараньня.
Пракурор запрасіў максімальны тэрмін па гэтым артыкуле — тры гады турмы. Аднак вердыкт суда апынуўся менш суровы — адзін год. Цяпер Аляксея Жалнова з папраўчай установы адкрытага тыпу перавядуць у калонію строгага рэжыму.
Бацька асуджанага — Алег Жалноў — у сваім камэнтары службе маніторынгу БАЖ заявіў:
«Па сутнасці, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і пракуратура абвясцілі вайну звычайнаму чалавеку, які адбывае тэрмін. Суддзя, бачачы і разумеючы ўсю абсурднасць абвінавачванняў супраць яго (недастаткова хутка зараджаны тэлефон, не запраўленая па ўстаноўленым узоры ложак, несвоечасовая аплата інтэрната…) усё роўна вынес абвінаваўчы прысуд.
Але прыняў кампраміснае рашэнне — не тры, а адзін год турмы, усведамляючы, што ў выпадку апраўдальнага прысуду пракуратура ўсё роўна яго абскардзіць. Ці станем абскарджваць яго мы? Не. Мы вырашылі, што абскарджанне прысудаў цяперашняй судовай сістэмы — гэта яе «кармленне». Гэта проста безсэнсоўна. На абскарджванне, адвакатаў мы ўжо аддалі каля 100 мільёнаў недамінаваных рублёў… »
Алег Жалноў упэўнены, што судовы пераслед сына — гэта помста яму як бацьку: блогер здымае на відэакамеру розныя парушэнні супрацоўнікаў міліцыі і выкладвае ролікі ў інтэрнэце. А да гэтага ён удзельнічаў у якасці кандыдата ў дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў…
Нагадаем, «правапарушальнікамі» Алег і Аляксей Жалновы сталі пасля таго, як 4‑га верасня 2013 года, выпадкова, сталі сведкамі парушэння правілаў дарожнага руху работнікамі міліцыі — няправільнай паркоўкі на тратуары.
Жалноў-старэйшы зафіксаваў гэты факт на відэакамеру і звярнуўся з заявай да супрацоўніка ДАІ. У выніку на блогера склалі два пратаколы — нібыта за парушэнне адміністрацыйнага кодэкса. А сына абвінавацілі ў нанясенні цялесных пашкоджанняў работніку міліцыі. І перадалі яго справу ў суд.
У ліпені 2014 года Аляксей Жалноў быў асуджаны на тры гады «хіміі» і атрымаў штраф — 50 мільёнаў рублёў.
Фота: svaboda.org і з архіву Жалновых