Сярод затрыманых у Расеі ля калёніі, дзе сядзіць Навальны – карэспандэнт «Белсату»
Паліцыя ў горадзе Пакроў каля калёніі, дзе адбывае пакараньне расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны, затрымала некалькіх чалавек.
Сярод васьмі затрыманых — кіраўніца прафсаюзу «Альянс лекараў» Анастасія Васільева, вядоўца Ютуб-каналу «Штаб Навальнага» Дзьмітрый Нізоўцаў, людзі ў мэдычных халатах і некалькі журналістаў.
Телеграм-каналы ўдакладняюць, што сярод затрыманых таксама карэспандэнт CNN Мэт’ю Чэнс і расейскі карэспандэнт «Белсат ТВ» Іван Слабадзенюк.
Раней 6 красавіка прыхільнікі Навальнага, уключна з мэдыкамі з прафсаюзу «Альянс лекараў», сабраліся каля калёніі № 2 у Пакрове, патрабуючы даць зьняволенаму палітыку кваліфікаваную мэдычную дапамогу.
Анастасія Васільева распавяла, што падала заяўку на імя намесьніка начальніка калёніі з просьбай наведаць Навальнага. Паводле Васільевай, у наведваньні ёй адмовілі, бо ва ўстанове сёньня няма прыёмных гадзін. Пазьней яна заявіла журналістам, што каманда «Альянсу лекараў» будзе прыяжджаць да калёніі да таго часу, пакуль да Навальнага не дапусьцяць лекара ці не перавядуць палітыка ў цывільную лякарню.
Напярэдадні Аляксей Навальны паведаміў праз сваіх адвакатаў, што трое з пятнаццаці чалавек у яго атрадзе шпіталізаваныя з сухотамі. У самога Навальнага турэмныя лекары зафіксавалі тэмпэратуру 38,1 і моцны кашаль. Палітык працягвае галадоўку з патрабаваньнем даць яму цывільнага лекара.