Сяргея Пятрухіна вырашылі трымаць пад вартай да суда. Па якой справе — невядома
Дзяжурны Ленінскага РАУС Брэста паведаміў мясцоваму праваабаронцу Уладзіміру Вялічкіну, што брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін затрыманы на трое сутак і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Паводле слоў дзяжурнага, ён не ведае, калі будуць судзіць Сяргея Пятрухіна. Таксама невядома, на якой падставы яго затрымалі.
Пра знікненне Сяргея Пятрухіна, які вядзе папулярны youtube-канал “Народны рэпарцёр”, стала вядома ад яго калегі — Аляксандра Кабанава. Пятрухін збіраўся ехаць да іншага блогера — Сяргея Ціханоўскага (youtube-канал “Страна для жизни”), аднак у нейкі момант перастаў выходзіць на сувязь.
Падчас жывога эфіру блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON) прагучала інфармацыя, што Пятрухін быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна (Мінская вобласць). Увечары 6 мая Цыгановічу паведамілі ў Пухавіцкім РАУС, што Сяргей Пятрухін знаходзіцца ў Брэсце, але на той час дзяжурны міліцыянт УУС Брэсцкага аблвыканкама гэтую інфармацыю не пацвердзіў.