Сяргея Краўчука і Вольгу Чайчыц аштрафавалі на 30 базавых велічыняў кожнага
1 чэрвеня суддзя суда Дзяржынскага раёна Іна Шайко пастанавіла аштрафаваць журналістаў Вольгу Чайчыц і Сяргея Краўчука на 30 базавых велічыняў кожнага (па 5 млн 400 тыс. рублёў).
На суд у Дзяржынск прыехалі каля 20 журналістаў, у тым ліку старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец, намеснік старшыні Міхась Янчук і прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.
Справы разглядалі адну за адной, з невялікім перапынкам.
Усіх ахвотных упусцілі ў памяшканне, але суддзя забараніла весці ў зале фота- і відэаздымкі і адхіліла хадайніцтва Вольгі Чайчыц пра вядзенне працэсу па-беларуску.
Абодвух абвінавацілі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Падставай для складання пратаколаў стаў сюжэт з Фаніпалю (Дзяржынскі раён Мінскай вобл.) пра нядопуск здымачнай групы на грамадскае абмеркаванне генеральнага плану забудовы горада. Фаніпальская міліцыя раздрукавала тэкст і выявы сюжэта з сайта “Белсат” і звінаваціла журналістаў у працы без акрэдытацыі на замежны СМІ.
Вольга Чайчыц заявіла ў судзе, што толькі збірала інфармацыю, але не размяшчала яе на сайце «Белсата», бо не з’яўляецца супрацоўніцай ні гэтага, ні якога-кольвек іншага СМІ. Таму абвінавачваць яе ў “вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” недарэчна. Адзін з фігурантаў згаданага сюжэту Уладзімір Высоцкі расказаў у судзе, што ў дзень правядзення здымкаў размаўляў са многімі журналістамі і не памятае, ці паказвала яму Вольга Чайчыц якія-кольвек дакументы. Адвакатка Чайчыц Кацярына Пятровіч настойвала на невінаватасці падабароннай з‑за адсутнасці доказаў таго, што яна працуе як журналіст замежнага СМІ без акрэдытацыі.
Слуханні справы Сяргея Краўчука адбываліся аналагічным чынам.
Пасля заканчэння суда супрацоўнік міліцыі Сяргей Скварчэўскі распытваў Вольгу Чайчыц, што за здымачная група працавала на асвятленні судовага працэсу 1 чэрвеня. Журналістка адказала, што не ведае.
Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец заўважыў, што сёлета гэта першыя суды па інцыдэнтах у межах Мінскай вобласці – пакуль сёлета канфлікты вакол арт. 22. 9 КаАП здараліся па-за межамі Мінска і Мінскай вобласці. Прычым Гомельская вобласць апынулася ў “лідарах”.
“Мы раім журналістам абскарджваць усе гэтыя рашэнні, хаця пры гэтым мусім канстатаваць, што гэта таксама пакуль не дае плёну. Але мы спадзяемся, што ўлады зменяць палітыку ў гэтым накірунку”, – адзначыў юрыст.
Па падліках ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», у 2015 годзе беларускіх калег ужо 15 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па гэтым артыкуле цяпер перавышае 75 мільёнаў рублёў.
На гэтую ж тэму: