Сяргей Шапран: Гэта кніга — плён працы апошніх 15 год
Журналіст, філолаг, даследчык літаратуры Сяргей Шапран у Гродне ў “Цэнтры гарадскога жыцця” прадставіў кнігу “Беларускі гістарычны анекдот”, у якой распавядаюцца гісторыі пра больш як 100 вядомых беларусаў.
— Ідэя кнігі ўзнікла яшчэ 15 гадоў таму падчас знаёмства з прафесарам эстэтыкі Юрыем Боравым, аўтарам трохтомнага выдання “ХХ стагоддзе ў анекдотах і паданнях”. Я тады запытаўся ў Юрыя Барысавіча ці ведае ён хоць адзін беларускі гістарычны анекдот? Аказалася, што — не. Мне падалося гэта несправядлівым. Бо ёсць гістарычныя асобы ў беларусаў, ёсць і анекдоты, і анекдатычныя гісторыі, але яны практычна не сабраныя. І я пачаў збіраць гэтыя гісторыі і найперш пайшоў да Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Некляева. Шмат цікавых гісторый кожнага разу распавядаў кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, найперш пра нашага славутага кампазітара Яўгена Глебава, шмат гісторый можна пачуць і ад Адама Мальдзіса. Шмат гісторый «усплывалі» падчас інтерв’ю.
Напрыклад гэты, ужо класічны, анекдот:
“Першы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў ўбачыў Святлану Алексіевіч, і сказаў: «Ты такая маленькая і такія кнігі напісала!» На што Свялтана Аляксандраўна парырвала: «Вы таксама не гігант, а такую імперыю развалілі».
Менавіта з першых публікацый ў БДГ і пачалася гэтая кніга.
— Ці лічыце вы стварэнне гэтай кнігі вялікай журналісцкай працай?
— На маю думку, гэта праца на мяжы журналістыкі і літаратуразнаўства. Мяне не надта цікавіць, што гэта за праца, мяне больш за ўсё цікавіць вынік. Вынік — гэта амаль 400 старонкавая кніга, у якой больш за сотня асобаў.
Канешне, шмат каго ўжо няма. І я ўдзячны ўсім, хто дапамагаў мне ствараць кнігу, і тым, у каго я гэтыя гісторыі пазычыў у працах Адама Мальдзіса, Уладзіміра Некляева. Рыгора Барадуліна.
Сяргей Шапран паабяцаў гродзенцам, што цягам бліжэйшых некалькі год ён далучыцца да работы на “Анталогіяй беларускага анекдота”, якую плануюць выдаць беларускія літаратары.